Міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык, кіруючы асабістым аўто, зьбіў у Менску чалавека. Пацярпелага даставілі ў больніцу, дзе той хутка памёр. Зараз праводзяць расьсьледаваньне.

Як стала вядома, дарожна‑транспартнае здарэньне адбылося яшчэ 9 сакавіка, пасьля 23.00. Едучы на сваім аўтамабілі «Аўдзі‑100» вуліцай Прытыцкага, Міністар зьбіў на невядомага мужчыну, што знаходзіўся на дарозе. Як адзначаюць крыніцы ва Ўпраўленьні Дзяржаўтаінспэкцыі ГУУС Менгарвыканкаму, у той вечар стаяла пагода, дарога была асьветленая.

Міністар выклікаў «хуткую», ДАІ і паспрабаваў дапамагчы пацярпеламу. Нягледзячы на позьні час і сьвяточныя дні, на месца ДТЗ адразу прыбылі намесьнік начальніка УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму і начальнік аддзелу ДАІ УУС Фрунзэнскага раёну.

Як усталявалі прыбылыя мэдыкі, у выніку ДТЗ пацярпелы атрымаў чэрапна‑мазгавую цяжкай ступені зь пераломам скляпеньня і асновы чэрапу. Яго даставілі ў 9‑ю Гарадзкую клінічную больніцу, дзе ён, так і не апрытомнеўшы, памёр, не дажыўшы нават да раніцы.

Праз колькі дзён вызначылі асобу памерлага. Ім стаўся 27‑гадовы жыхар гарадзкога пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Памерлы быў асуджаны за крадзеж і з 23 лютага 2007 г. адбываў пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу (па‑простаму — «на хіміі») №37, што месьціцца ў Валожыне. Паводле паведамленьня адміністрацыі ПУАТ №37, памерлы 6 сакавіка самавольна пакінуў папраўчую ўстанову і лічыўся ва ўцёках.

Канчатковую карціну здарэньня мусіць праясьніць распачатае расьсьледаваньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?