У сходзе, які арганізаваў экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Дзмітрый Ус, прынялі ўдзел каля 170 чалавек. «Гэтага дастаткова для рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам ініцыятыўнай групы па ўнясенні змяненняў у заканадаўства», - паведаміў ён.

Мерапрыемства прайшло пад адкрытым небам у Мінску, у раёне вуліцы Арлоўскай. Яно не анансавалася ў СМІ і не афішавалася, каб не прыцягваць увагу спецслужбаў.
Тым не менш, па словах Уса, за тымі, хто сабраўся назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія здымалі тое, што адбываецца на відэакамеру. Абышлося без інцыдэнтаў.

Праўда, у Брэсцкай вобласці раніцай 1 мая былі затрыманыя 7 актывістаў дэмсіл: трое - у Кобрынскім раёне, чацвёра - у Баранавічах. Праз некалькі гадзін іх адпусцілі. Па наяўных дадзеных, яшчэ адзін грамадскі актывіст быў затрыманы ў Віцебску.

Больш падрабязна аб правядзенні сходу і далейшых крокаў па змене выбарчага заканадаўства Ус мае намер распавесці на прэс-канферэнцыі 3 мая.

Варта адзначыць, што экс-кандыдат у прэзідэнты чатыры разы спрабаваў атрымаць дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне сходу ініцыятыўнай групы, аднак кожны раз атрымліваў адмову.
Сход 1 мая планаваўся ў парку Дружбы народаў, але гарвыканкам забараніў яго праводзіць, абгрунтаваўшы гэта тым, што там пройдуць першамайскія гулянні.

Неабходнасць змены выбарчага заканадаўства была адной з галоўных ідэй перадвыбарчы праграмы Дзмітрыя Уса на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Палітык лічыць неабходным унесці змены ў артыкулы 34, 35 і 72 Выбарчага кодэкса, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, спіс якіх павінен быць пададзены за 15 дзён да галасавання. Прадстаўнікам кандыдата павінны выдаваць пасведчанні членаў выбаркамаў на працягу трох дзён. Акрамя таго, членам камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, павінна быць дадзена права ставіць свой подпіс на адваротным баку кожнага бюлетэня. Гэта, на думку Уса, дазволіць пазбегнуць незаконнага ўкідвання бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання і фальсіфікацый падчас падліку галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?