У электронным выдавецтве «Пяршак» часопіса 34mag.net выйшаў зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё».

Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць.

Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.

«Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў.

Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі»,
– кажуць прадстаўнікі «Першака».
Пры афармленні кнігі «Пасляжыццё» выкарыстаная коміксавая стылістыка.
Гэтым выдаўнікі хацелі паказаць сучаснасць і актуальнасць прозы Быкава. «Дызайн выдання – гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя – своеасаблівы ключ да таго ці іншага твора і зборніка ў цэлым».

Аўтар ілюстрацый – маладая мастачка Ганна Крук.

Гэта ўжо трэцяя кніга, выдадзеная мультылэйблам «Пяршак». Да гэтага былі прэзентаваныя раман Віктара Марціновіча «Сцюдзёны вырай» і зборнік апавяданняў «Радзіма» Уладзіміра Казлова.

Спампаваць зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё» можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?