Ці даводзілася вам задумвацца над спалучэннем неспалучальных слоў?

Ну, вось узяць, напрыклад, Першамай. Так бы мовіць, «праздник труда».

«Праздник» — ад слова «праздный», ні з якой справай, ні з якім дзеяннем не звязаны. Які «труд»? Гуляй, душа!..

На беларускай мове — свята, святы дзень... Слова ўзвышанае, духоўнае, працаваць у такі дзень — вялікі грэх. Яшчэ большы — «гуляць», бадзяцца без мэты...

У савецкія часы, калі першамайскае бадзянне збівалася ў калоны, ніхто не адважваўся называць яго «народным гуляннем».
Хаця менавіта такім яно і было, калі народ, разышоўшыся па кватэрах і хатах, праводзіў у гісторыю чарговую нагоду расслабіцца ды паслухаць казку аб тым, якое неверагодна добрае жыццё чакае яго наперадзе...

Але ж не ўсё так проста было ў савецкія часы. Асабліва для тых, хто іх помніць.

Вось старая фотакартка, адна з нешматлікіх ад даваеннага жыцця бацькоў. 1939-ы, першамайская дэманстрацыя. Фон — апошнія паверхі Дома ўрада, высока над галовамі партрэт чалавека з вусамі. Бачны толькі нізкі лоб і вусы, але ўгадваецца беспамылкова. А наперадзе — маладыя мужчыны і жанчыны ў доўгіх паліто, крочаць весела, размашыста, вольным крокам. Не маршыруюць — крочаць пад музыку, гэта бачна па здымку, нават чутна: «...вставай, не спи, кудрявая…»

Колькі ні гляджу на гэты здымак, не магу зразумець, якому цуду так шчыра радуюцца гэтыя людзі, радуецца бацька, каторы на большасці іншых здымкаў з сямейнага архіва задуменны, нават сумны...
Разумею — малады, усяго 25, побач жанчына, каторую ён кахае, сябры, калегі... Свята, у рэшце рэшт, Першамай!

Але ўжо два гады, як у Казані раздзёрта сям’я старэйшага брата — сам расстраляны, жонка на Калыме, малалетнія дзеці, сястрычка з брацікам, распіханы па дзіцячых дамах у розных канцах СССР...

І ўсё ж ёсць у тым здымку адна незалежная ад часу падрабязнасць, якая, можа, больш за бацькоўскую весялосць не дае мне спакою: усе яны, маладыя мужчыны і жанчыны ў доўгіх паліто, ідуць, узяўшыся пад рукі. Іх яшчэ многа, у тым ланцужку, амаль усіх я ведаю — і тых, каго выбіла вайна, і тых, хто дажыў да сярэдзіны майго ўласнага жыцця. І ведаю, што, калі б гэты ланцужок разарваўся, я не выжыў бы. Магчыма, і не з’явіўся б на свет...

Вялікая сіла — чалавечае сяброўства і салідарнасць паміж людзьмі!

...Ці існуе ў нашым сёняшнім грамадстве хаця б ланцужок салідарнасці?

На чалавечым узроўні так, існуе. Людзі, дзякуй Богу, яшчэ не пазбавіліся імкнення і здольнасці дапамагаць адзін аднаму, асабліва калі размова ідзе пра выратаванне жыцця.

Чаму ж на грамадскім узроўні пануе ўсеагульная абыякавасць?

Адкуль яно, гэта бясконцае маўклівае чаканне таго, што нешта пераменіцца ў лепшы бок — ці само, ці прапагандысцкімі намаганнямі ўлады, ці з дапамогай вонкавых дабрадзеяў?

На мой розум, у гэтай сумнай з’явы адна крыніца — страх. Страх перад уладай і страх перад незалежным жыццём.

Няўжо французы, немцы, іспанцы ды туркі жывуць бядней, горш за нас, калі выходзяць 1 мая на шматтысячныя дэманстрацыі ў абарону сваіх правоў?!

Чаму ж мы, якія жывём не ў беспаветранай прасторы, нават не за «жалезнай заслонай», як у колішнія часы, такія абыякавыя да ўласнага жыцця? Можа, нас не хвалюе нястрымны, як нідзе, нават у краінах СНД, катастрафічны рост цэнаў, падзенне рэальных заробкаў, пенсій, сапраўднае, а не статыстычнае беспрацоўе?

Хвалюе, безумоўна. Але ж выйсце шукаецца не ў салідарным супраціве, а ў прыстасаванні да жыцця на кіруючым ланцугу ці, што тычыцца моладзі, усё часцей за мяжой.

А што апазіцыя? Што незалежныя прафсаюзы? Нешта варухнулася на левым ускрайку, ды зноў прыціхла... Як чорт ад ладана апазіцыя бяжыць ад усяго савецкага, забыўшыся, што 1 мая — далёка не савецкая па сваёй сутнасці традыцыя.

Нідзе ў свеце і ніколі, пачынаючы ад 1886 года ў Чыкага, 1 мая не было святочным днём. Толькі Днём салідарнасці — самай моцнай зброі працоўных у змаганні за свае правы.

Страшнае слова — салідарнасць.

Страшыць уладу, палохае людзей, насцярожвае апазіцыю...

Такое страшнае, што нават выкраслена з сутнасці Першамая... з ужытку... з жыцця.

Глядзець таксама:

Месца ў гісторыі

Памылка мэра

Былыя могілкі

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?