Палітычнага зняволенага Сяргея Каваленку этапіравалі з ахоўнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя ў Навінках. Пра гэта даведалася яго жонка Алена.

Зараз Сяргей Каваленка знаходзіцца ў следчым ізалятары Міністэрства ўнутраных спраў на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Алена Каваленка кажа: «Этапіравалі яго праз СІЗА 1, зараз ён на Валадарцы, а далей куды яго накіруюць – невядома. У абласным судзе не кажуць пра гэта, маяўляў, яны не вырашаюць, куды яго этапіраваць. Можна толькі здагадвацца, што ў бок Віцебска. У калонію яны не маюць права яго накіраваць, яшчэ прысуд не ўступіў у законную сілу. Можа яго накіруюць у наша віцебскае СІЗА».

Па словах Алены Каваленкі, пра вынікі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, якую яе муж праходзіў у Навінках, пакуль невядома. Ёй паведамілі, што яна пішацца. Але па меркаванню Алены Каваленкі, калі б яго прызналі хворым, то наўрад ці б этапіравалі з Навінак.

"Падчас апошняй нашай сустрэчы ён сказаў, што калі зноўку адчуе на сабе ціск, то ўзнавіць сваю галадоўку. Зараз сядзець у яго стане, з яго падарваным здароўем небяспечна - гэта ўсё можа вельмі дрэнна і хутка скончыцца. Яму так і не далі больш менш выйсці з галадоўкі", – кажа Алена Каваленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?