Супрацоўнiкi органаў фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржкантролю ў ходзе правядзення праверкi офiсных i складскiх памяшканняў аднаго з буйнейшых iмпарцёраў пладова‑агароднiннай прадукцыi ў рэспублiку выявiлi схованку, у якой знаходзiлася буйная сума грошай, а таксама чарнавыя фiнансавыя дакументы.

Як паведамiў карэспандэнту «Звязды» начальнiк аддзела аператыўнага ўпраўлення Дэпартамента фiнансавых расследаванняў КДК Аляксей Дзям’янаў, кампетэнтныя органы зацiкавiлiся дзейнасцю прадпрыемства не на пустым месцы. У Камiтэт дзяржкантролю паступiў ананiмны зварот: маўляў, прадпрыемства, якое валодае шырокай гандлёвай сеткай на тэрыторыi Мiнскай вобласцi, на працягу доўгага часу ўтойвае выручку i не адлюстроўвае яе па бухгалтарскаму ўлiку прадпрыемства. А як вынiк, бюджэт краiны недаатрымлiвае значныя сумы падатковых паступленняў. Праваахоўнiкi 7 сакавiка i правялi праверку складскiх i офiсных памяшканняў прадпрыемства, што размешчаны на тэрыторыi Мiнскага аптовага рынку ў вёсцы Табары Мiнскага раёна. Былi знойдзены чарнавыя бухгалтарскiя запiсы. У памяшканнi аднаго з намеснiкаў дырэктара ў патаемным месцы (у тайнiку ў столi) захоўвалiся грошы — каля 43 мiльёнаў рублёў, 35 тысяч долараў ЗША, 1 тысяча еўра, а таксама дакументы фiнансава‑гаспадарчай дзейнасцi. Мiж iншым, паводле тлумачэнняў самой адказнай асобы, у кабiнеце якой знойдзены тайнiк, выяўленыя фiнансавыя дакументы з’яўляюцца чарнавымi, а рублi, еўра i долары — гэта часткова выручка прадпрыемства, а часткова — яе ўласныя зберажэннi. Зараз праваахоўнiкi праводзяць далейшую праверку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?