Калі чытаеш «Балахоўцаў» Ліса-Блонскага, прыгадваецца іншы твор з таго ж перыяду — «Конармія» Бабеля.

Аўтары-праціўнікі супадаюць у часе і амаль сутыкаюцца геаграфічна. Супрацоўнік ЧК, а пасля журналіст і камісар Ісак Бабель ішоў праз Украіну з Першай Коннай. Яго паэтычныя, але шчырыя нататкі пра дзікасці вайны выклікалі шалёны гнеў Будзёнага і незадаволенасць Сталіна, які казаў: «Бабель пісаў пра рэчы, якіх не разумеў».

Станіслаў Ліс-Блонскі — аўтар, які «разумеў». Юрыст, а пасля падпаручнік польскай вайсковай контрвыведкі, ён быў прызначаны ў Групу Балаховіча начальнікам дэфензівы падчас яе дзеянняў на савецка­польскім фронце летам­восенню 1920 года.

Гэта быў час Палескага пахода Расейскай народнай добраахвотніцкай арміі на чале з генералам Станіславам Булак-Балаховічам. Палітычнае кіраўніцтва акцыяй ажыццяўляў старшыня Расейскага палітычнага камітэта Барыс Савінкаў.

Планавалася, што паход, падтрыманы Пілсудскім, уздыме сялянаў на барацьбу з бальшавікамі. Балахоўцы гналі чырвоных да Мазыра, дзе генерал абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы».
Пасля контрнаступу чырвоных войскі Балаховіча адышлі за польскую лінію фронта і былі раззброеныя.
Прыгладжаныя, ідэалагічна вывераныя ўспаміны Блонскага былі напісаны ў другой палове 1930-х. Зусім іншае — у яго палявых рапартах.

«Мы паставілі Ліса-Блонскага супраць Ліса-Блонскага, змясціўшы пад адной вокладкай яго ўспаміны 1930-х гадоў, дзе вобраз Балаховіча амаль агіяграфічны, і яго рапарты 1920-га, якія малады афіцэр пісаў па свежых слядах, у жаху ад таго, што бачыў, і прасіў камандаванне забраць яго ад балахоўцаў», — кажа адзін з укладальнікаў, гісторык Андрэй Вашкевіч.

У запісках Блонскага і Бабеля шмат падобнага: крывавыя рэаліі, драпежніцкая логіка ваяроў, беды мірнага насельніцтва. «Не проста падобнага — ідэнтычнага, — удакладняе Вашкевіч. — Парадаксальна, але часам складаецца ўражанне, што ў грамадзянскай вайне найменшы ўдзел бралі жыхары тых тэрыторый, на якіх яна адбывалася. Татары, казакі, каўказцы, калмыкі, палякі Балаховіча ваявалі супраць венграў, чэхаў, кітайцаў Чырвонага войска».

Узаемны інтарэс

Ёсць два ідэалагічныя міфы пра Балаховіча.
Першы — савецкі. Пра балахоўцаў як банду злачынцаў і белагвардзейцаў, якім процістаялі высокадухоўныя чырвонаармейцы. Другі — рамантычны. Пра «беларускага генерала-патрыёта». Кім быў Балаховіч насамрэч?

На беларускіх даляглядах ён з’явіўся ўвосень 1919. Сканчалася вайна з бальшавікамі ў Прыбалтыцы, у якой атрад Балаховіча браў удзел. Войска заставалася без сродкаў. Ідэя наняць балахоўцаў на беларускую службу належала кіраўніку Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР Кастусю Езавітаву. Ён за вельмі хутка давёў Балаховічу, што той — беларус. Іх зацікаўленасць была ўзаемнай. Урад БНР быў тады ўрадам без тэрыторыі. Балаховіч мог адваяваць для яго краіну.

«З прыходам Балаховіча беларусы ператвараліся ў рэальную палітычную сілу. Хто ведае: калі б Радзе БНР удалося знайсці мільён марак, неабходны для паходу беларускага войска на Полацк — магчыма, гісторыя пайшла б зусім іначай», — кажа Вашкевіч.

Толькі за свой пераход на беларускі бок Балаховіч прасіў 400 тысяч марак: войска неабходна карміць. Езавітаў стукаўся ва ўсе дзверы. Укла­дзеныя сродкі вярнуліся б: абяцала дапамагчы Антанта, калі б БНР займела хоць нейкую тэрыторыю — стала сапраўднай дзяржавай. Аднак — прамарудзілі. Ужо ў лютым 1920 атрад Балаховіча ўвайшоў у склад польскіх фармаванняў і перамясціўся ў Брэст.

Пасьянс Пілсудскага

З Балаховіча спрабавалі ляпіць свайго героя палітыкі ўсіх станаў — бальшавікі, з якімі ён пачынаў у 1918-м, белы генерал Юдзеніч, няспраўджаны прэзідэнт «Трэцяй Расіі» Савінкаў, Аляксюк з самазванага мазырскага ўрада БНР. А што наконт ідэнтычнасці самога Балаховіча? Ці была яго беларускасць глыбіннай, ці залежала ад патрэбы моманту?

Афіцэр і беларус Мікола Дзямідаў называў службу ў атрадах Балаховіча «найлепшым часам жыцця».
А Дзямідаў меў багаты досвед: быў беларускім вайсковым камендантам Гродна, арганізоўваў Беларускі полк, пасля быў сярод правадыроў Слуцкага паўстання. Беларускім афіцэрам падабалася перамагаць пад кіраўніцтвам геніяльнага тактыка Бала­ховіча. Яны стварылі нацыянальныя фармаванні ў складзе яго войска і верылі, што ваююць за сваю краіну. Бо, агітуючы за «вызваленне Расіі», Балаховіч не пакідаў і беларускіх лозунгаў.

Начальнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі быў вялікі аматар пасьянсу і заўжды рыхтаваў некалькі варыянтаў на кожны магчымы паварот падзей. Якія планы ён меў на Балаховіча — не змаглі адказаць нават самыя мацёрыя даследчыкі.. У сітуацыі польска-бальшавіцкай вайны 1920-га ён хіба ўсё ж такі вырашыў, што расійская карта мацнейшая за беларускую, і запрасіў у Варшаву таварыша па гімназіі, эсэра-тэрарыста Барыса Савінкава. Утвараецца «Расейскі палітычны камітэт», пачынаюць фармавацца антыбальшавіцкія атрады для змагання за «Трэцюю Расію» — не чырвоную, не белую, а дэмакратычную. Кулаком гэтага войска мелася стаць дывізія Балаховіча.

«Балаховіч любіў, каб падначаленыя называлі яго «бацькам», ды і сам неаднаразова паўтараў: «Я, бацька Балаховіч». «Па вашым закліку я, бацька Балаховіч, — гучала адна з першых ягоных лістовак, — устаў на чале сялянскіх атрадаў… Я дам вам зброю, дам адважных кіраўнікоў. Тысячы вашых сялян ідуць са мною; няма сілы, якая здолее зламаць гэтую вялікую народную сялянскую армію».

«Узброены супраціў яўрэяў»

Пасля быў Лістападаўскі паход на Усходняе Палессе 1920-га. У часе яго адбыліся тыя пагромы, за якія Балаховіч доўгія гады змушаны быў апраўдвацца.

«Антысемітызм яго войска быў фантастычны», — кажа Вашкевіч.
Ліс-Блонскі з першых старонак кнігі настойліва падкрэслівае, што габрэі ваявалі ў Балаховічавых атрадах (адсюль, відаць, легенда пра «габрэйскі швадрон»), а пагромаў... не было: тыя габрэі, што пацярпелі, аказвалі ўзброены супраціў. Аднак гэтаму супярэчаць нават ранейшыя рапарты таго ж Блонскага, у якіх адкрываецца шырокая карціна гвалту і забойстваў у Тураве, Мазыры, Камені-Кашырскім.

Антысемітызм не быў афіцыйнай ідэалогіяй балахоўцаў.

Сказ­ваўся недахоп дысцыпліны ў крыміналізаванай вольніцы, вялікарускі шавінізм казакоў і папушчальніцтва бацькі Балаховіча, які на многае заплюшчваў вочы: «Хай пагуляюць».

Кандацьер ХХ стагоддзя

Яго войска не было кадравым. Самай дзейснай мерай дысцыплінарнага ўздзеяння ў ім быў стрэл у галаву. Балаховіча, кажа Вашкевіч, хутчэй можна параўнаць з кандацьерамі — правадырамі наёмных атрадаў у сярэднявечнай Італіі, якія самі вербавалі і распускалі ваяроў, самі ім плацілі і чынілі самі суд і расправу. Дарэчы, аўтар гэтага параўнання, гісторык Юрась Юркевіч зараз рыхтуе кнігу пра службу Балаховіча ў Балтыі ў 1918 — 1919 гадах.

Часам кандацьеры бралі ўладу ў гарадах, якія іх наймалі на службу. Ці быў палітычны шанец у «бацькі»?

Той паход на Гомель слаба суадносіўся з інтарэсамі Беларусі. Савінкаў планаваў развіць яго ў паход на Маскву.

І вайсковы патэнцыял балахоўцаў, які мог паспрыяць стварэнню беларускай дзяржавы, быў утаптаны ў палескія балоты.
Паход скончыўся бясслаўным адступленнем, пасля якога балахоўцы перасталі існаваць як вайсковая сіла, а Беларусь рассек напалам Рыжскі мір 1921-га.

А калі б, замест Гомеля, Балаховіч павярнуў на Случчыну, дзе разгаралася паўстанне, на Менск?

«Белая Русь» белых афіцэраў

Магчыма тады, у выніку больш актыўнага вайсковага супраціву бальшавікам, беларусы атрымалі б дзяржаву. «Бальшавікам важнай была Украіна, — кажа Вашкевіч. — Украіна — гэта мацярык. Страціць яе або здабыць — гэта было пытанне выжывання Савецкай Расіі. Беларусь для іх мела меншае значэнне. Яны былі гатовыя аддаць яе палякам аж па Бярэзіну».

Калі б іначай склалася палітычная кан’юнктура, магчыма, Беларусь зрабілася б буфернай краінай між Другой Рэччу Паспалітай і РСФСР».

Дзіўная гэта была б Беларусь. У ёй галоўнай палітычнай сілай мусілі стаць царскія афіцэры з іх вялікарускай ідэалогіяй, іншыя «цёмных дарог махляры» і былыя служкі Расійскай імперыі, якія ненавідзелі ўсё беларускае. А фінансавала б тую «Белую Русь» такая ж ненавісная ім Польшча. Напэўна лёс многіх беларускіх дзеячоў, якія пасля загінулі ў сталінскіх лагерах, быў бы незайздросны і ў гэтай дзяржаве.

Тая буферная дзяржава была б змеценая Другой сусветнай. «Але сам факт існавання дзяржавы тады пабярог бы сучасную беларускую дзяржаўнасць ад сённяшніх хвароб палітычнага сталення», — кажуць укладальнікі кнігі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?