У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па выключэнні з незаконнага абароту агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў супрацоўнікамі крымінальнай міліцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама сумесна з ваеннаслужачымі пагранвойскаў прадухілена спроба кантрабанднага вывазу ў Літву абрэза вінтоўкі «Маўзер» 1941 года выпуску.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС, паводле ацэнкі спецыялістаў, усе вузлы і механізмы зброі знаходзяцца ў спраўным стане і гатовыя да баявога прымянення. На ствольнай каробцы выдатна захаваўся адбітак фашысцкай свастыкі і заводскі нумар. Як канстатуюць гісторыкі Другой сусветнай,

абрэзы нямецкіх вінтовак былі ў арсенале «лясных братоў», якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзеншчыны ў пасляваенны перыяд.

Зброя была знойдзена на 28-м кіламетры трасы Гродна — Друскінінкай у напрамку пункта пропуску «Прывалка» на неахоўнай аўтастаянцы ў лясным масіве. Каб пераправіць абрэз у сумежную дзяржаву кантрабандным шляхам, яго змясцілі ў разабраным выглядзе ў металічную скрынку з інструментамі і прыладамі аўтамабіліста.

У перспектыве, пасля правядзення экспертных даследаванняў зброі на прадмет яе магчымага выкарыстання ў злачынных мэтах, рарытэтны асобнік зойме месца сярод музейных экспанатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?