Глядзі таксама Драўляная візітоўка Гомеля

Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака» 4 мая правяла другую экскурсію з цыкла «Горад, які знікае». У экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, дзе многія старыя дамы мясцовыя ўлады плануюць знесці, прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

Як паведаміў БелаПАН старшыня «Талакі» Яўген Меркис, маршрут экскурсіі пралёг па той частцы старога Гомеля, якая вядомая як Хросная Слабада. Гэта адзін са старадаўніх раёнаў горада, які размяшчаўся паміж сучаснымі вуліцамі Пралетарская, Камісарава, Фрунзе і Гагарына. Сваю назву атрымаў з-за маленькага храма, вакол якога ў другой палове XVII стагоддзя пачалі масава сяліцца стараверы з Расіі.

«Гістарычная драўляная забудова Гомеля знаходзіцца цяпер пад пагрозай поўнага знішчэння. Згодна з нядаўна зацверджаным новым генпланам развіцця горада, усю аднапавярховую забудову ў цэнтры, нягледзячы на яе гістарычную, архітэктурную або мастацкую каштоўнасць, плануюць знесці. Намаганні гомельскіх гісторыкаў і актывістаў па стварэнні спецыяльных ахоўных зон або музеяў пад адкрытым небам пакуль застаюцца марнымі», — падкрэсліў Меркис.

Праводзіў экскурсію навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці краязнаўца Андрэй Скідан. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што шпацыр па Хроснай Слабадзе дапамагла даведацца, як жылі стараверы і што яны дадалі ў жыццё старога Гомеля, азнаёміцца з асаблівасцямі архітэктуры гэтага раёна горада, у тым ліку ўнікальнай стараверскай Іллінскай царквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?