У нядзелю ў Францыі пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў, пераможцам якога можа ўпершыню з 1988 года стаць прадстаўнік Сацыялістычнай партыі.

У першым туры сацыяліст Франсуа Алянд атрымаў 28,6% галасоў, апярэдзіўшы дзеючага прэзідэнта Нікаля Сарказі, які набраў 26,2%.

Асноўнымі тэмамі цяперашняй перадвыбарнай кампаніі сталі беспрацоўе і крызіс еўра.

У ходзе кампаніі Сарказі заяўляў, што ён прадухіліў рэцэсію, і ў выпадку абрання абяцаў захаваць «моцную Францыю».

У той жа час Алянд сцвярджае, што краіна знаходзіцца ў стане «сур’ёзнага крызісу» і мае патрэбу ў пераменах.

Выбарчыя ўчасткі ў асноўнай часткі Францыі і на Корсіцы будуць адкрыты з 8 да 18 гадзін па мясцовым часе (з 9 да 20 па Мінску). У вялікіх гарадах ўчасткі зачыняцца на дзве гадзіны пазней.

У сераду супернікі правялі ажыўленыя тэлевізійныя дэбаты, якія паглядзелі 17,9 млн чалавек. Пятніца была апошнім днём агітацыйнай кампаніі.

Алянд — якога лічаць найбольш верагодным пераможцам гэтых выбараў — заявіў, што яўка выбаршчыкаў у нядзелю можа паўплываць на вынікі волевыяўлення.

Сарказі, у сваю чаргу, адзначыў, што ніколі да гэтага дня вынікі выбараў не здаваліся такімі «нявызначанымі».

Алянд прапануе павысіць падаткі на буйныя карпарацыі і людзей, якія атрымліваюць больш за 1 млн еўра ў год.

Кандыдат ад сацыялістаў хоча таксама павялічыць памер мінімальнай аплаты працы, даць працоўныя месцы 60 тыс. настаўнікам і знізіць для некаторых катэгорый працоўных ўзрост выхаду на пенсію з 62-х да 60-ці гадоў.

У выпадку перамогі Алянда ў Францыі ўпершыню з 1995 года, калі завяршыўся другі тэрмін Франсуа Мітэрана, з’явіцца прэзідэнт-сацыяліст.

Услед за прэзідэнцкімі выбарамі ў Францыі ў чэрвені пройдуць выбары парламента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?