Запалохалі незалежных сацыёлягаў — і мы ня маем зьвестак пра дынаміку рэйтынгаў пасьля тэлевыступаў і ўсебеларускага сходу лукашэнкаўцаў. Ёсьць вынікі лякальных апытаньняў, што дыямэтральна розьняцца ад агучаных у дзяржаўных СМІ, а нацыянальнага перад 8 сакавіка — апошнім днём, калі можна было друкаваць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў — так і не адбылося.

Таму замест дынамікі рэйтынгаў у аб’ектыве гэтага нумару “НН” апынуўся страх. Страх як паліттэхналёгія, ягонае прафэсійнае, з халодным разьлікам, кропкавымі акцыямі, нагнятаньне.

Зьбіцьцё кандыдата Казуліна (што будзе з вамі, калі мы кандыдата кладзем), пакалечаны журналіст Улевіч (расправімся з кожным, нягледзячы на сацыяльны статус), парадныя шэрагі СОБРу і людзей у цывільным (нас шмат), затрыманыя Лябедзька й Вячорка (і пляваць мы хацелі на міжнародных назіральнікаў).

72 падпольныя арганізацыі выкрылі. Але не назвалі. Які беларус ня ўдзельнічаў у нечым забароненым? Няхай кожны прыме гэта на свой адрас. Людзей не канечне арыштоўваць, досыць, каб яны чакалі арышту.

У рэвалюцыйнай стыхіі форумаў tut.by штатныя прапагандысты пераключыліся з стварэньня топікаў “Колькі даляраў вам плацяць за выхад на плошчу 19-га” на “Ці будуць у нас страляць”, не абцяжарваючы сябе нават зьменай нікаў. Народ гагоча. І прапануе сродкі ад страху: салідарнасьць, сьмех, сон і сэкс.

У Інтэрнэце страху няма. Страху няма там, дзе досыць інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0