Інфармацыя аб тым, што больш за 400 рабочых РУВП «Граніт» (Мікашэвічы) хочуць звольніцца, не адпавядае рэчаіснасці, заявіў БелаПАН галоўны інжынер прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч. «Гэта не адпавядае рэчаіснасці», — падкрэсліў ён.

Між тым, лідар стваранай на «Граніце» пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Алег Стахаевіч паведаміў, што рабочыя напісалі заявы аб звальненні ў сувязі з нізкім узроўнем зарплаты. Паводле яго слоў, «такая лічба была названа на планёрцы ў гендырэктара».

«Хто такі Стахаевіч? Мы нават не ведаем пра такую ячэйку ў нас на прадпрыемстве. Салігорскі прафсаюз звяртаўся да нас, але ім было адмоўлена ў рэгістрацыі пярвічкі, бо ў іх няма юрыдычнага адрасу», — заявіў Гаўрылковіч. На ўдакладненне БелаПАН аб тым, што для атрымання юрыдычнага адраса неабходна памяшканне, у якім адміністрацыя «Граніта» адмаўляе, Гаўрылковіч адказаў: у Мікашэвічах знайсці патрэбнае памяшканне не праблема.

***

Нагадаем, у канцы 2011 года больш чым 200 рабочых «Граніта» выйшлі з дзейнай на прадлпрыемстве афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі і заявілі аб намеры стварыць пярвічную структуру БНП. Для афіцыйнай рэгістрацыі ім неабходна атрымаць юрыдычны адрас, аднак адміністрацыя прадпрыемства не дае памяшкання.

У сярэдзіне лютага Стахаевіч, які працаваў на «Граніце» вадзіцелем самазвала, быў звольнены з фармулёўкай «неадпаведнасць работніка пасадзе ці працы, што выконваецца, з-за недастатковай кваліфікацыі». Ён звяртаўся да кіраўніцтва прадпрыемства з просьбай перавесці яго на пасаду памочніка машыніста буравой устаноўкі з папярэднім перанавучаннем (перанавучанне ў такой сітуацыі ўваходзіць у абавязкі наймальніка), аднак яму было адмоўлена. Спробы Стахаевіча аспрэчыць звальненне ў судовым парадку поспеху не мелі: у сярэдзіне красавіка Лунінецкі раённы суд прызнаў дзеянні адміністрацыі прадпрыемства законнымі.

У пачатку года з «Граніта» таксама была звольнена Людміла Літвінка, жонка аднаго з актывістаў стваранай пярвічнай арганізацыі БНП. А на мінулым тыдні працы пазбавіўся намеснік старшыні пярвічкі Мікалай Карышаў, з якім не працягнулі кантракт з-за нібыта ўчыненых ім дысцыплінарных парушэнняў. Раней Карышаў, які прапрацаваў на «Граніце» сем гадоў, падобных нараканняў не меў.

РУВП «Граніт» з`яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам у Мікашэвічах і адным з найбуйнейшых у Еўропе па здабычы і перапрацоўцы цвёрдых горных парод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?