Віцебскі апазіцыянер, актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка павінен быць этапаваны з СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску ў віцебскае СІЗА № 2, дзе ён знаходзіўся першыя два месяцы зняволення.

«Сёння па маёй просьбе намеснік старшыні партыі Юрый Беленькі схадзіў у СІЗА і даведаўся, што Сяргея перавязуць у Віцебск, — паведаміла БелаПАН 7 мая жонка актывіста Алена. — Дзе зараз муж знаходзіцца, я не ведаю, заўтра будзем высвятляць».

2 мая Каваленка быў этапаваны ў СІЗА на Валадарскага з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя (Навінкі). Рашэнне пра накіраванне Сяргея Каваленкі на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара прыняла 10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда. Да атрымання вынікаў экспертызы абласны суд прыпыніў разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска, які 24 лютага прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Каваленка знаходзіцца ў зняволенні з 19 снежня 2011 года. У знак пратэсту ён абвясціў галадоўку і страціў палову сваёй вагі, якая складала 83 кг. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, бо прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляў, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу.

13 красавіка стала вядома, што Каваленка добраахвотна спыніў галадоўку і пачаў самастойна выходзіць з яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?