Кітайскія інвестары праявілі цікавасць да праекта па прамысловым асваенні Лельчыцкага радовішча бурых вугаляў і стварэння на яго базе цвёрдапаліўнай электрастанцыі, паведамляе сайт Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

7 мая прадстаўнікі дзелавых колаў Кітая наведалі радовішча. Іх сустрэча з прадстаўнікамі Мінпрыроды і іншых зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў па пытанні магчымага асваення радовішча прайшла 4 мая.

Кітайскаму боку была дадзена "вычарпальная інфармацыя аб стане спраў у сферы прамысловага асваення Лельчыцкага радовішча бурых вугаляў для наступнай падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання па праекце". Прадстаўнікі дзелавых колаў Кітая адзначылі "вычарпальны характар сустрэчы і прадастаўленых матэрыялаў", а таксама выказалі намер развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў згаданым кірунку.

Праект будаўніцтва вуглездабывальнага прадпрыемства на базе Лельчыцкага радовішча прадукцыйнасцю 1,8 млн. тон у год патрабуе прыцягнення 578,7 млн. долараў інвестыцый. Эксплуатацыйныя запасы бурага вугалю праектаванага горназдабыўнага прадпрыемства ацэнены ў 35,715 млн. тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?