Адным з першых дакументаў новага прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які ўступіў на пасаду 7 мая, стаў указ «Аб мерах па рэалізацыі знешнепалітычнага курсу Расійскай Федэрацыі». Асобным радком у ім прапісаны адносіны з Беларуссю.

«У мэтах паслядоўнай рэалізацыі знешнепалітычнага курсу Расійскай Федэрацыі, што дазваляе забяспечваць яе нацыянальныя інтарэсы на аснове прынцыпаў прагматызму, адкрытасці і шматвектарнасці ва ўмовах фарміравання новай поліцэнтрычнай сістэмы міжнародных адносінаў» Пуцін даручыў МЗС «сумесна з іншымі федэральнымі органамі выканаўчай улады <…> разглядаць развіццё шматбаковага ўзаемадзеяння і інтэграцыйных працэсаў на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў як ключавы кірунак знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі».

Выканаўчая ўлада Расіі павінна:

— паслядоўна праводзіць курс на далейшае развіццё разнапланавага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай, праваахоўнай і іншых сферах;

— садзейнічаць уваходжанню ў сілу і практычнай рэалізацыі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 г.;

— працягваць актыўна пашыраць узаемадзеянне з Рэспублікай Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы;

— садзейнічаць паглыбленню еўразійскай інтэграцыі ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан і стварэнню да 1 студзеня 2015 г. Еўразійскага эканамічнага саюза, зыходзячы з адкрытасці гэтых працэсаў для далучэння іншых дзяржаў, перш за ўсё членаў Еўразійскай эканамічнай супольнасці і ўдзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, садзейнічаць міжнароднаму пазіцыянаванню новых інтэграцыйных структур;

— умацоўваць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы, яе механізмы аператыўнага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы і яе міратворчы патэнцыял, удасканальваць знешнепалітычную каардынацыю ў межах гэтай арганізацыі.

У адносінах з Еўрапейскім саюзам Расія павінна выступаць за «дасягненне стратэгічнай мэты — стварэнне адзінай эканамічнай і чалавечай прасторы ад Атлантычнага да Ціхага акіяна», «развіваць узаемавыгаднае энергетычнае партнёрства ў мэтах стварэння адзінага энергетычнага комплексу Еўропы, дабіваючыся строгага выканання наяўных двухбаковых і шматбаковых дагаворных абавязацельстваў».

У крызісных сітуацыях Масква будзе «адстойваць безальтэрнатыўнасць палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў на аснове калектыўных дзеянняў міжнароднай супольнасці шляхам уцягвання ўсіх зацікаўленых бакоў у перамовы».

Органы ўлады Расіі павінны таксама «садзейнічаць прасоўванню і абароне інтарэсаў расійскага бізнесу на знешніх рынках, забяспечваць дыпламатычнае суправаджэнне айчынных дзелавых праектаў, супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі за мяжой расійскіх удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці»;
«праводзіць актыўную працу па абароне правоў чалавека, супрацьдзейнічаць спробам выкарыстання праваабарончых канцэпцый у якасці інструменту палітычнага націску і ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў»; «удасканальваць інфармацыйнае суправаджэнне знешнепалітычнай дзейнасці ў інтарэсах аб’ектыўнага ўспрымання Расійскай Федэрацыі на межнароднай арэне».

Указ Пуціна апублікаваны на сайце Крамля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?