У Кіеве, Львове і Адэсе 7 мая ўсталявалі помнікі Сталіну з пап’е-машэ і ануч. «Правадыр» быў выяўлены са спушчанымі порткамі, нібыта ў працэсе спраўлення малой патрэбы.

Аўтарамі ідэі з’яўляюцца прадстаўнікі партыі «Брацтва», піша korrespondent.net.

«Мы вырашылі зрабіць помнікі менавіта Сталіну, які сікае, паколькі ў Еўропе, у Брусэлі, ёсць такі помнік. Сімвал Еўропы — хлопчык, які сікае. І мы вырашылі, што найбольш адпавядаць вобразу гэтага гістарычнага персанажа будзе менавіта Сталін, які сікае», — сказаў прадстаўнік «Брацтва» Віталь Чорны.

Паводле яго слоў,

такая форма была абраная для таго, каб у жартоўнай форме перадаць стаўленне украінцаў да Сталіна, і да той напругі, якая штогод узнікае ва Украіне напярэдадні 9 мая.

Помнікі былі зробленыя ў выглядзе фігур у шынялі, у чалавечы рост, пафарбаваных у залаты колер. Каб статуі «сікалі», яны былі абсталяваныя 1,5-літровымі бутэлькамі з вадой на спіне і кропельніцамі.

«Помнікі» здымала міліцыя, паламаўшы іх на часткі ў працэсе.

Гэта не першая антысталінская акцыя ва Украіне. Раней на вуліцах Запарожжа, у адказ на тое, што мясцовыя камуністы паставілі ля свайго офіса бюст Сталіна, з’яўляліся білборды: «Я забіў мільёны украінцаў! А за што табе паставяць помнік?» Сам той бюст у хуткім часе застаўся без галавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?