З нейкага часу ў нашай прозе з’явіўся новы жанр — аповед (некаторыя пішуць «аповяд»). Само слова гэтае пайшло гуляць пасля рэцэнзіі Сяргея Дубаўца на кніжку Вячаслава Дубінкі. Рэцэнзія тая друкавалася бліжэй да сярэдзіны 1980-х і мела загаловак «Аповяд гаваркога дзядзькі». Памятаю, што мы, лімаўцы, не вельмі хацелі пускаць рэцэнзію з гэткім словам у свет, але потым вырашылі: няхай ідзе. І «аповед» стаў словам-вызначэннем жанру. Жанр гэты нельга назваць апавяданнем. Так, нешта неакрэсленае.

Рызыкну і напішу: цяперашнія маладыя празаікі не ўмеюць пісаць апавяданні — і сюжэтныя (а правільней — фабульныя), і «бессюжэтныя».
«Закруціць» фабулу трэба ўмець. Ці не апошнім фабульным навелістам, аб творах якога «гаварылі ўсе», быў Уладзімір Арлоў. «Пра нішто» таксама трэба ўмець напісаць. Ну,
не ведаю, каб хто з маладых напісаў такое «бессюжэтнае» апавяданне, якое б дараўнала «Сцяпану Ігнатавічу Вапшчэткі» Анатоля Кудраўца.
А хто скажа, пра што напісана геніяльнае, паводле Аляксандра Фядуты, «Смаленне вепрука» Міхася Стральцова?

Вось такія думкі і згадкі спарадзіў у маёй галаве самы свежы — пяцьдзясят сёмы — нумар часопіса «Дзеяслоў». У гэтым нумары толькі АДЗІН тэкст можна аднесці да fiction, г.зн. да прозы з выдуманымі героямі, персанажамі.

Раней было так: калі ў першай (белетрыстычнай) частцы «Дзеяслова» я не заўважаў надзейнага імя празаіка, то чытанне чарговага нумару часопіса пачынаў з другое часткі — з публіцыстыкі, крытыкі, архіўных публікацыяў... Гэтак і пяцьдзясят сёмы нумар я пачаў з другое часткі, бо друкаванне рамана ў апавяданнях Генрыха Далідовіча «Рурыкавічы і Рагвалодавічы» яшчэ калі будзе скончана. Тэксты ж Сяргея Рублеўскага «з кнігі для тых, хто любіць лавіць рыбу ўсім сэрцам» (!), як паказала бліжэйшае знаёмства з імі яшчэ на пачатку мінулага года, — не мастацкая проза ў сціслым значэнні гэтага слова, не fiction. Гэта хутчэй успаміны рыбалова і прынагодныя нататкі. Цікава чытаць тэксты Алеся Усені пад агульным загалоўкам «Мой лістапад...», якія друкуюцца вось ужо ў трэцім нумары часопіса запар, але гэта, зноў жа, успаміны. Іншы раз аўтар бязлітасны да сябе: быццам на споведзі, апавядае, як яму даводзілася крывадушнічаць і хлусіць. Чытаюцца і густоўна напісаныя ўспаміны Аляксандра Фядуты пра маці. (Гэта фрагмент ягонай кнігі мемуараў, якія ён пачаў пісаць у турме.)

Адзін толькі дэбютант у прозе — Стас (так і хочацца напісаць нашае традыцыйнае Стась) Ільін — жанр свайго тэксту вызначыў як апавяданне. Думаў: мо хоць ён парадуе фабульным ці «бессюжэтным» апавяданнем? Не парадаваў. У яго таксама «непрыдуманая проза».

А вось яшчэ адзін незнаёмы мне аўтар — Валеры Гапееў. Ягоны невялікі твор «Мы нікому пра гэта не раскажам» мае падзагаловак «Урывак з ненапісанага рамана». З такім вызначэннем нельга згадзіцца, бо тэкст кампазіцыйна завершаны, закруглены. У літаратуры ёсць шмат прыкладаў, калі і меншыя паводле аб’ёму творы чытачы і знаўцы параўноўвалі і параўноваюць з раманамі.

Твор В. Гапеева — спроба сапраўднай fiction. У ім апавядаецца, як байцы «спецыяльнага асобнага чырвонаармейскага атрада» едуць забіраць каштоўнасці ў праваслаўным жаночым манастыры, што месціцца ў былым бернардынскім кляштары. У творы шмат крыві і трупаў, але мне не страшна.

Чытаючы жахлівыя сцэны, я не сцяўся ад жаху, не заплакаў, бо аўтар, апісваючы персанажаў, ужо падрыхтаваў мяне да такіх сцэнаў.
Акрамя таго, у кожным малым празаічным творы, як на маю думку, павінна быць запамінальная канцоўка, якая лагічна вынікае з усяго напісанага. Пра канцоўку твора В. Гапеева можна сказаць, што яна ні псіхалагічна, ні прост лагічна не абгрунтавана.
Хоць зло пакарана, я чамусьці не радуюся. Ці не таму, што чакаў такое канцоўкі?

Чытаючы тэксты першае часткі «Дзеяслова» пасля тэкстаў з другое часткі часопіса, думаеш: а якое, уласна кажучы, істотнае адрозненне паміж дзвюма часткамі? Хіба толькі тое, што ў другой частцы друкуюцца не ўспаміны, а дзённікі. Таксама проза, але таксама не fiction.

Ніл Гілевіч летась апублікаваў старонкі сваіх дзённікаў за 1996, 1998 і 1999 гг. Цяпер ён знаёміць нас з старонкамі запісаў за 2000 год.

Ёсць у мяне падазрэнне, што публікуюцца не толькі не ўсе старонкі, але і апублікаваныя запісы няпоўныя.
Свае дзённікі пачалі публікаваць Алесь Жук і Кастусь Цвірка. Запісы Алеся Жука і Кастуся Цвіркі без датаў. Першы з іх, публікуючы запісы не запар, прыдумаў такі жанр, як дзённікавыя згадкі, а другі даў сваім запісам падзагаловак «вясковы дзённік».
Калі Ніл Гілевіч больш схільны да фіксавання фактаў, калі Кастусь Цвірка і ў дзённіках застаецца этнографам, фалькларыстам, дык Алесь Жук перш за усё празаік, ягоныя запісы прымушаюць успомніць запісы Янкі Брыля і Міхаіла Прышвіна.

Ведама, я мог бы нешта напісаць і пра паэзію ў гэтым нумары «Дзеяслова», і пра публікацыю Эўрыпідавай «Медэі» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага (гэта першая частка часопіса), мог бы паразважаць вакол артыкула Анатоля Трафімчыка пра Рыжскі трактат 1921 года ў асэнсаванні Янкі Купалы, наконт артыкула Аляксея Каўкі пра Уладзіслава Сыркомлю, мог бы сказаць пару слоў і пра артыкул Леаніда Галубовіча «Пры святле адзінокай здагадкі», прысвечаны Уладзіміру Маруку, запыніцца на рэцэнзіі Сяргея Астраўцова на кнігу Аляксандра Лукашука пра мінскае жыццё Освальда, якога лічаць забойцам прэзідэнта Джона Ф. Кенэдзі... Пра ўсё гэта я мог бы напісаць, але

душа мая смуткуе па fiction, па добрым апавяданні.
Хочацца, каб першая частка «Дзеяслова» істотна адрознівалася ад другой.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?