Ніякі змястоўны дыялог з уладамі Беларусі немагчымы, пакуль не будуць вызваленыя і адноўленыя ў сваіх правах усе палітычныя зняволеныя. Аб гэтым заявіла БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Майра Мора, каментуючы выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які абвінаваціў Захад і апазіцыю ў зрыве дыялогу з уладамі.

«Пасля мер дзеля здушэння грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ, якія адбыліся пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, ЕС не заставалася нічога іншага, як прытрымлівацца жорсткай пазіцыі, — сказала Мора. — Застаючыся прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз дыялог і Ўсходняе партнёрства, Рада замежных справаў 31 студзеня 2011 года вырашыла аднавіць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі. Адначасова ЕС узмацніў сваё ўзаемадзеянне з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю праз умацаванне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і ахвяр рэпрэсій».

«Еўрасаюз прапанаваў Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі і пачаў дыялог з беларускім грамадствам аб мадэрнізацыі. Аднак ніякі зьмястоўны дыялог з уладамі немагчымы, пакуль не будуць вызваленыя і адноўленыя ў сваіх правах ўсе палітычныя зняволеныя, якія засталіся. ЕС гатовы паляпшаць і паглыбляць свае адносіны з Беларуссю. Для ЕС Беларусь — важны сусед, неад’емная частка еўрапейскай спадчыны і еўрапейскай супольнасці нацый. Для Беларусі ЕС — адзін з асноўных гандлёвых партнёраў і важны партнёр у галіновым і рэгіянальным развцці. ЕС па-ранейшаму гатовы дапамагаць Беларусі ў справе дэмакратызацыі і мадэрнізацыі», — падкрэсліла Мора.

Выступаючы 8 мая з пасланнем народу і парламента, Лукашэнка сказаў, што апазіцыя не скарысталася «шырокімі магчымасцямі», якія былі дадзеныя ёй на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Ён таксама абвінаваціў Захад і «пятую калону» ў зрыве грамадскага дыялогу з уладай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0