Вытворчае аб’яднанне «Гомсельмаш» пачынае пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі ў краіны Еўрасаюза. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аддзеле продажаў прадпрыемства ў далёкае замежжа, цяпер, згодна з існуючымі заказамі, вядзецца зборка двух збожжаўборачных камбайнаў «Палессе‑1218».
Плануецца, што ўжо ў красавіку гэтыя машыны будуць адгружаны афіцыйнаму прадстаўніку аб’яднання — чэшскай кампаніі «Трада Холдынг».
Права на пастаўку на еўрапейскі рынак прадукцыі «Гомсельмаш» атрымаў у 2006 годзе на падставе выпрабаванняў узораў збожжа‑ і кормаўборачнай тэхнікі, праведзеных на палях Чэхіі. Па выніках гэтых выпрабаванняў атрыманы міжнародныя сертыфікаты на кормаўборачны комплекс «Палессе‑6», касілку‑плюшчылку і камбайн «Палессе‑1218». На ўсе гэтыя машыны цяпер будзе наносіцца СЕ‑маркіроўка, што дае права рэалізоўваць прадукцыю на еўрапейскіх рынках.