Галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Кары Хейкіля чакае прыбыцця ў каманду гульцоў НХЛ Андрэя і Сяргея Касціцыных раніцай 11 мая.

«Асабіста я не размаўляў з братамі ў апошнія дні, але з імі на сувязі знаходзіўся наш генеральны менеджар Уладзімір Сафонаў. Мы чакаем, што Касціцыны далучацца да каманды раніцай 11 мая. Упэўнены, што яны дапамогуць зборнай. Гэта гульцы, якія выступаюць на самым высокім узроўні і яны, безумоўна, будуць нам карысныя», — адзначыў Хейкіля.

Ён таксама падкрэсліў, што пасля першай перамогі беларусаў у матчы чэмпіянату свету (над Казахстанам — 3:2), камандзе «стала прасцей дыхаць». «Трохі спаў націск, які мы адчувалі пасля двух паражэнняў на старце турніру. Зараз гульцы трохі расслабіліся і, думаю, гэта станоўча адаб’ецца на нашай наступнай гульні», — сказаў Хейкіля.

Чарговы матч чэмпіянату свету зборная Беларусі правядзе сёння, 10 мая супраць амерыканцаў (пачатак у 16.15).
Паводле слоў Хейкіля, ён яшчэ не вызначыўся з галкіперам на гэтую сустрэчу, аднак адзначыў, што Віталь Коваль, які атрымаў невялікае пашкоджанне, цяпер адчувае сябе нармальна і гатовы гуляць.

Нагадаем, на чэмпіянаце свету зборная Беларусі да перамогі над Казахстанам пацярпела два паражэнні: 0:1 — ад фінаў і 2:3 — ад швейцарцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?