Сёньня ў Менску пачынаецца фінальная сэрыя чэмпіянату Беларусі па хакеі. У фінал выйшлі першая і другая каманда рэгулярнага першынства — менскія «Керамін» і «Дынама». Трэба адзначыць, што ў паўфінале «Дынама» выбіла з розыгрышу менскае «Юнацтва», уладальніка залатых мэдалёў трох апошніх сэзонаў. Шлях «Кераміна» да фінальнай сэрыі быў значна лягчэйшым. У першых раўндах плэй‑оф ім супрацьстаялі жлобінскі «Мэталюрг» і наваполацкі «Хімік‑СКА», якіх не аднясеш да грандаў.

Апошні раз чэмпіёнам «Кеамін» быў у 2002 годзе, «Дынама» ўвогуле ніколі не валодала гэтым трафэем. Козырам «Дынама» зьяўляецца шматгадовы досьвед гульцоў. Заўзятарам ня трэба лішні раз тлумачыць, што значаць для беларускага хакею прозьвішчы Алега Антоненкі, Андрэя Скабелкі, Алега Хмыля, Леаніда Фацікава і шмат каго яшчэ з «дынамаўскай» абоймы. Разам з тым усе яны ўзроставыя гульцы і іх можа не хапіць на ўвесь сэзон. Таму на карысьць, як ні парадаксальна, але «Кераміна» можа згуляць і іх маладосьць. Абедзьве каманды трэніруюць маладыя спэцыялісты, «Дынама» – Эдуард Занкавец, «Керамін» — Андрэй Гусаў. Перамога ў чэмпіянаце для абодвух будзе першым значным дасягненьнем.

Трэба адзначыць, што гэта апошні паўнавартасны розыгрыш чэмпіянату Беларусі. Налета дзьве менскія каманды («Дынама» і «Юнацтва») аб’ядноўваюцца ў адну, каб шукаць шчасьця ў расейскай вышэйшай лізе (другая па рангу), а ў нацыянальным чэмпіянаце іх заменіць фарм‑клюб. Такое разьвіцьцё падзеяў знайшло неразуменьне ў грамадзе заўзятараў. Першапачаткова меркавалася, што кампанію «Дынама» і «Юнацтва» складзе і «Керамін», але «драконы» адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай авантуры, таму можна прагназаваць, што большасьць заўзятараў у фінале будзе перажываць якраз за «Керамін».

Гэтыя ж каманды ў самым пачатку сэзону, у жніўні, сустракаліся ў фінале Кубку Беларусі, тады мацней аказалася «Дынама». Як то будзе гэтым разам?

Судзіць фіналы будуць фінскія рэфэры Том Лааксонен і Тоума Саракангас. Сэрыя пройдзе да чатырох перамог.

Фінальныя матчы пройдуць 20, 21, 24, 25 сакавіка, а таксама, калі спатрэбіцца 27, 29 і 31 сакавіка. Першыя два матчы адбудуцца ў Лядовым палацы па вуліцы Прытыцкага ў Менску, трэці і чацьвёрты — у Палацы спорту на праспэкце Пераможцаў. Сёньня і заўтра матчы будуць пачынацца а 18:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?