Хлопцы з каманды пад дзіўнаватай назвай «Завулак Vinny Stigm’ы» даволі часта выступаюць. За пару год існавання яны далі з два дзясяткі канцэртаў у Мінску і на захадзе краіны і выступілі з большасцю тутэйшых панк-камандаў. Дзялілі сцэну і з замежнымі калегамі, такімі, як Distemper, Riot Gang, Boyarsky, Voodoo Band ды іншыя. Назваліся яны, дарэчы, у гонар гітарыста Віні Сцігмы з культавага хардкор-гурту Agnostic Front. Беларускім музыкам нават пашчасьціла папіць піўка з сваім улюбёнцам падчас прыезду амерыканцаў у Мінск летам 2010 года. «Тады ў нас якраз выйшаў дэбютны альбом, які мы ўрачыста і ўручылі. Віні быў вельмі ўзрадаваны нашай кружэлцы, магчыма нават слухаў яе пасьля ў сваім Іст-Сайдзе, Манхэтан», — распавядае вакаліст гурту Павал. Але з яго слоў, замежнага музыканта яны зусім не абагаўляюць: «Мы ўсё ж найбольш ганарымся і цэнім нашых сяброў, знаёмых, слухачоў, што прыходзяць на нашыя шоу, падпяваюць, танчаць разам з намі. Дзякуй, дзяўчаты і хлопцы!».

Усе музыкі гурту «Завулак Vinny Stigm’ы» з Мінска, што не перашкодзіла ім запісаць песню з прысвячэннем Бягомлю ды зняць на яе відэа. «У мяне бабуля і дзядуля з Лепельшчыны, а гэта, зрэшты, зусім недалёка ад Бягомля. Таму быў там праездам. У астатнім Бягомль проста парадаваў сваёй вясёлай назвай», — кажа Павал. Прадстаўляючы відэа на песні, ён загадкава ўсміхаецца і кажа, што Бягомль уразіў сваёй архітэктурай: «Старадаўнія вежы касцёлаў, прыгожыя унутраныя дворыкі, брук, каналы — такому хараству пазайздросціў бы хіба сам Бруге, славуты фламандскі сярэднявечны горад».

Пакуль у гурту на рахунку дэбютны альбом 2010 года і спліт з камандай «Бостонское чаепітіе», выдадзены летась. Цяпер музыкі пішуць новы альбом. З іх слоў, песні ўжо назбіраныя, цяпер яны актыўна развучваюцца і выкрышталізоўваюцца.

Пачуць ужывую гурт «Завулак Vinny Stigm’ы» можна 15 мая ў клубе «Графіці» (зав. Калініна, 16).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?