У фінале XXI рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» прадстаўлена 121 калекцыя 132 дызайнераў. Пра гэта паведаміла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, намеснік старшыні аргкамітэта конкурсу Надзея Васільчанка.

Паводле яе слоў, фестываль-конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця творчых здольнасцей і талентаў навучэнцаў, педагогаў, спецыялістаў у галіне моды, дызайну, вытворчасці адзення, паслуг, а таксама прапаганды беларускай моды і культуры.

Сёлета яго суарганізатарам разам з Міністэрствам адукацыі ўпершыню выступае Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дагэтуль гэта быў БДУ.
Упершыню таксама створана прафесійнае журы на чале з загадчыцай аддзела названага цэнтра Святланай Гнядзёнак.

Адказваючы на пытанне аб фінансаванні «Млына моды», Васільчанка патлумачыла: «Я, напэўна, не маю права агучваць, колькі сродкаў з дзяржаўнай казны трацілася раней на правядзенне фестывалю. Але магу сказаць, што ўсе папярэднія гады яго фінансавала Міністэрства адукацыі, і там фігуравалі немаленькія сумы. Бо тыя пляцоўкі, якія здымаліся і арандаваны сёння для правядзення „Млына моды“, вельмі нятанныя. У той жа час сёлета бюджэт конкурсу было вырашана на дзве траціны паменшыць.

Мы вельмі стараліся зэканоміць, таму што разумеем, што дзяржаўная падтрымка не можа быць бязмернай, бюджэтныя грошы патрабуюць павагі.
Але эканомілі так, каб гэта не адбілася на якасці правядзення фестывалю-конкурсу».

У конкурсе прадугледжаны намінацыі «Школа моды» для маладых дызайнераў, «Майстар моды» для арганізацый у галіне моды, «Фота». Мадэлі — удзельнікі конкурсу змогуць прэтэндаваць на перамогу ў намінацыях «Супермадэль Беларусі», «Міс (містэр) мадэль Беларусі», «Мадэль-дэбютфестывалю-конкурсу». Для спецыялістаў у галіне цырульніцкага майстэрства, дэкаратыўнай касметыкі і нэйл-арта прадугледжана намінацыя «Майстар стылю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?