Іван Мележ

Іван Мележ

Іван Мележ. Здымак ваеннага часу. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ. Здымак ваеннага часу. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ з бацькам, жонкай Лідзіяй і дачкой Людмілай. 1947 г. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ з бацькам, жонкай Лідзіяй і дачкой Людмілай. 1947 г. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ з дачкой Ларысай. 1965 г. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ з дачкой Ларысай. 1965 г. З фондаў БДАМЛМ.

Авяр’ян Дзеружынскі, Іван Мележ і Алесь Пальчэўскі раздаюць аўтографы чытачам у Цэнтральнай кнігарні ў Мінску. 13 снежня 1961 г. З фондаў БДАМЛМ.

Авяр’ян Дзеружынскі, Іван Мележ і Алесь Пальчэўскі раздаюць аўтографы чытачам у Цэнтральнай кнігарні ў Мінску. 13 снежня 1961 г. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ падчас сустрэчы з моладдзю ў Магілёве. 30 снежня 1962 г. З фондаў БДАМЛМ.

Іван Мележ падчас сустрэчы з моладдзю ў Магілёве. 30 снежня 1962 г. З фондаў БДАМЛМ.

На юбілейнай вечарыне Івана Мележа. Злева направа: Язэп Семяжон, Еўдакія Лось, Мікола Аўрамчык, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Алег Лойка. Мінск, 1976 г. З фондаў БДАМЛМ.

На юбілейнай вечарыне Івана Мележа. Злева направа: Язэп Семяжон, Еўдакія Лось, Мікола Аўрамчык, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Алег Лойка. Мінск, 1976 г. З фондаў БДАМЛМ.

У навуцы «балотнымі людзьмі» прынята называць добра захаваныя муміі нашых продкаў, старажытных насельнікаў кантынента. Іх дагэтуль то тут, то там знаходзяць у падсушаных еўрапейскіх багнах зляканыя грыбнікі і палясоўшчыкі. Дзякуючы балоту, гэтаму найлепшаму кансерванту, трупы старажытных людзей не закрануў працэс гніення і разлажэння, яны даюць усцешанаму навукоўцу не толькі скуру, але і валасы, пазногці, косткі, фрагменты вопраткі. У машыне часу прыемна чытаць дэтэктывы: бывае, навукоўцы нават здольныя назваць прычыну, з якой той балотны чалавек трапіў у дрыгву, ад чаго памёр, што еў напярэдадні, каму заступіў дарогу…

Так што паляшук Іван Мележ ведаў, што рабіў, калі даверыў свой эпічны талент менавіта балоту — яно захавала створаныя ім тыпы некранутымі і свежымі, як спрадвеку захоўвае целы даўно адышоўшых людзей; ужо колькі гадоў, амаль што стагоддзе прамінула з таго дня, калі Васіль Дзяцел, які толькі што чуў у сне дзіўны клёкат, выйшаў на ганак бацькоўскай хаты, незадаволены тым, што маці позна яго разбудзіла, — а вось жа, стаіць перад намі як жывы і ад сонца жмурыцца.

«Людзі на балоце» — першы і самы знакаміты раман з задуманай Мележам «Палескай хронікі» — стаўся апошнім у беларускай літаратуры вялікім творам пра Зямлю. Ад Коласа праз «Нядолю Заблоцкіх» Калюгі, паўз велічна-хтанічнага Чорнага і розных землямераў меншага маштабу ўецца ў літаратуры заўважны нават няўзброеным вокам кнот, і вось на Мележу, які ў пачатку шасцідзясятых вырашыў напісаць пра калектывізацыю, адбываецца выбух.

Больш пра зямлю, што з малой, што з вялікай літары, так ужо ніхто не пісаў. З такім веданнем справы, з такім адчуваннем сваёй да яе прыналежнасці, з такой, бадай што, рэлігійнай засяроджанасцю на ёй, з такім пачуццём уласнасці.
Але нават рвануўшы да места, якое «па-расейску горад», быць людзьмі на балоце беларусы не перасталі. Хіба ты маеш цвёрдую зямлю пад нагамі? Хіба твая нага не правальваецца ў асфальт па калена, калі ты бяжыш па праспекце гісторыі і фатальна кудысьці не паспяваеш? Хіба ты не адваёўваеш штодня ў горада прастору для сябе, каб штосьці на ёй пасеяць — хай гэта будзе нават балкон метр на метр ці проста твая чарапная каробка?
Хіба ты ніколі не пачуваўся ўгрузлым па горла ў горадзе?
Хіба вакол не лес навабудаў, за якім нічога няма — толькі Крыжоўка, аб якую разбіваюцца хвалі Атлантычнага акіяну? Хіба мы жывем не на выспах?

«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы». Карціна бязрадасная, але і па-свойму вельмі прыгожая. Па-беларуску прыгожая. Куранёўская адзінота, космас палескай вёсачкі. Але чым ёсць балота — усяго толькі морам, напісаным прозай. Мележ паспрабаваў апісаць чалавека ў часе і гісторыі, не чапаючы прасторы, гэтае вымярэнне, як высветлілася, займае ў чалавечым жыцці апошняе месца: галоўнае не куды ты ідзеш, а на чым стаіш. «Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць», як кажуць куранёўцы. Пазіцыя, спрыяльная для ўраджаю, веры і інцэсту.

Мележаву эпапею прынята параўноўваць з Маркесавай: і тут, і там спрэсаваная вечнасць, сто гадоў адзіноты, і тут, і там праз апісанне лапіка роднай зямлі аўтар набліжае чытача да ўспрымання нейкага агульначалавечага болю, болю ўсіх за ўсіх.
Героі рамана, якія і так шчыра здзіўляюцца, калі да іх даходзіць рэха нейкіх падзей звонку, з самых Хойнікаў! — гэтыя героі былі б у шоку, калі б даведаліся, што яны на Зямлі не адны такія. Што за шмат тысячаў кіламетраў ад Куранёў прыкладна гэтаксама жывуць насельнікі якога-небудзь ціхаакіянскага атола. І тамтэйшы пісьменнік, седзячы на перакуленым чоўне, піша свой галоўны твор, пад назваю «Iki ue ojuwu», дзе героямі будуць апантаны і бедны Тонга, і падступна-разважлівы Кауна, і «вострая на язычок» Макеле. І вось калі Тонга і Кауна схопяцца на беразе за Макеле і заадно за пакрытую пальмамі пясчаную водмель, на даляглядзе з’явіцца чужы ветразь. І ўсё, шчасця не будзе. І жыцця не будзе.

Калі ўжо і праўда параўноўваць Мележа з Маркесам, то адно істотнае адрозненне адразу кідаецца ў вочы.

«Людзям на балоце», як і ўсёй «Палескай хроніцы», не хапае іроніі, а яшчэ больш самаіроніі — той ратавальнай сілы, якая выкупляе сабой першародны грэх аўтара: прэтэнзію на ўнікальнасць
(бо любая творчасць ёсць, па сутнасці, навязваннем іншым свайго погляду і свайго зроку). Гэта наогул вельмі невясёлы раман, і нават дасціпнасць Ганны нейкая сумнеўная, кніжная, нават жартуючы, яна гаворыць афарызмамі. І чым далей прадзіраешся скрозь «Хроніку», тым менш хочацца ўсміхацца. Няма словаў, вялікая літаратура не абавязаная быць вясёлай — але ўмець смяяцца, у тым ліку з сябе, яна мусіць. Магчыма, такая сур’ёзнасць Мележа звязаная з тым, што ён пісаў вельмі аўтабіяграфічную рэч, спісваў Курані з родных Глінішчаў, а гэткі занятак з разлікам на вечнасць створанага вымагае адказнасці перад рэальным, а не выдуманым светам. Як той навуковец, які займаецца радаслоўнай балотных людзей,
Мележ дадумвае рэальных людзей да літаратурных тыпаў — грандыёзная, велічная, але ўсё ж надта манументальная задача, якая не пакідае часу на смех і не дае працягнуць нітку ў іголку. Сваіх сумных прасталытак такі пісьменнік не прыгадае.

Насамрэч, кажучы пра перагукі Mележавага рамана з сусветнай літаратурай, далёка хадзіць не трэба. Вядома, што

Мележ уважаў Шолахава за аднаго са сваіх літаратурных настаўнікаў. Іх лучыць перадусім жаданне паказаць моцныя характары — такія моцныя, каб ажно трашчала.
Абодва ў сваіх тэкстах аддаюць развітальны паклон моцы зямлі і голасу роду — таму першабытнаму, што было вынішчана ў селяніне. «Людзі на балоце», улічваючы час стварэння рамана, — гэта беларускі адказ Шолахаву на ягоны казацкі эпас. І адказ вельмі ўдалы: «Людзі на балоце» чытаюцца са значна большай цікавасцю, яны пазбаўленыя ліхое бяскрайнасці стэпу, дзе размываецца ў жоўтай гліне і жарсць, і жудасць, застаецца адна зямля. Балота і тут служыць аховай тэксту, герметызуючы яго, робячы больш пукатым, на выспе сярод лясоў прасцей абвастраць і канкрэтызаваць.
Шолахаў выпусціў сваіх герояў у прастору, на вольны на абшар — і згубіў. Аўтар «Людзей на балоце» — прынамсі, у гэтым тэксце — лейцаў не выпускае.
Андрэй Федарэнка сказаў неяк, што «каштоўнасць „Людзей на балоце“ — у замкнёнасці прасторы, у той рамантычнай ізаляцыі, у якой жывуць і дзейнічаюць героі». Як толькі нехта парушае гэтую ізаляцыю, раман пачынаеш чытаць з раздражненнем. Думаеш пра тое, што хутчэй бы яны ўсе выйшлі, гэтыя Шабеты, Апейкі, Харчавы і Дубадзелы, «алешніцкія Калініны» з іхнымі бяссільнымі спробамі прывесці мокры свет Куранёў хаця б у нейкую адпаведнасць з ідэалагічнымі дактрынамі сушы — выйшлі і зачынілі за сабою дзверы. Do it. Спроба чытаць гэты раман як мастацкі аналіз калектывізацыі — занятак сумны і нецікавы. Ну яго ў балота. Што мог савецкі пісьменнік напісаць пра калектывізацыю?

Ну, напэўна, нешта ўсё ж мог. Калі не праўду-то і не хлусню.

У «Людзях на балоце» адназначнай ацэнкі ён не дае, усімі сіламі намагаючыся выклікаць спагаду да Васіля, які дзеля сваёй зямлі гатовы адступіцца нават ад кахання,
але рана ці позна ад аўтара запатрабавалі б яснай і выразнай кропкі. Магчыма, таму «Хроніка» так і не была дапісаная — бо яна і задумвалася як твор, які нельга дапісаць?

Не,

па «Людзях на балоце» трэба блукаць, як па карціннай галерэі, і падоўгу спыняцца перад кожным партрэтам.
Васіль, хлопец «з упартымі, невясёлымі губамі», рыцар, пазбаўлены спадчыны, якому «далася етая зямля» і якому воляй аўтара наканавана было прайсці ці то праз пяць, ці то праз сем колаў пекла, па ліку задуманых раманаў. Упартыя, невясёлыя губы — гэта мележаўская мова ў яе найлепшым варыянце. Ганна, пра якую мы вечна будзем помніць, што яна «цвіла, як тая рабіна» — «ета блудніца», «ета пакідуха», яна ж «круцёлка», «галадранка» і «такая дзеўка!».
Шэкспіраўскі Яўхім, гэты цынічны мачо, чалавек з дзвюма душамі, які не здолеў прымірыць паміж сабой каханне і разлік.
Людзі тут нервовыя, размаўляюць коратка і адрывіста і ўвесь час чамусьці агрызаюцца, калі толькі не апынаюцца сам-насам: «Што я — гарбаты? Абяцанка-цацанка! Сваё трэба мець!»

А «Людзі на балоце» сваё маюць.

Што трэба абавязкова залічыць да ўдачаў Мележа — гэта тое адчуванне прыглушанага, няяркага святла, у якім жыве створаны ім свет і якое з’яўляецца ў чытача ад першай старонкі. У рамана ёсць свой колер — і колер гэты шэры з рознымі адценнямі зялёнага.
«Зялёная радасць» — асака, лаза, алешнікі… Купіны, якія ўвесну выбіраюцца на паверхню грэцца. Але іх бяскрыўднасць падманлівая. Толькі той, хто жыве тут, не аступіцца. Людзі тут вядуць барацьбу за выжыванне — іншая справа, што для кагосьці гэта азначае хлеб, для кагосьці «кохту хвабрычную», а нехта сыходзіць у лясныя браты і бярэ ў рукі зброю. Святло на працягу кнігі не змяняецца, нібы дзеянне падсвечваюць лямпай. Клё-клё-клё — нехта адбівае касу, а Васілю падалося, гэта буслы лятуць. Тут усё поўнае злавесных сімвалаў. Тут б’юцца за спадчыну — і шчыра не разумеюць, чаму яна ім больш не належыць.
«Людзі на балоце» зацягваюць у сябе, яны — як Грымпенская дрыгва, у якой гэтым разам гіне і Стэплтан, і сабака, і чытач, гэты вечны сышчык.
Проста па балоце без правадніка хадзіць не трэба. Асабліва ў начны час, калі сілы зла, а таксама літаратуры, валадараць бязмежна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?