Удзельнікі акцыі з прымацаванымі да ровараў бел-чырвона-белымі сцягамі праехалі ад цэнтру Варшавы да вуліцы Парыскай, дзе 10 мая 1940 года загінуў Булак-Балаховіч. Мяркуецца, што забіты ён быў агентамі гестапа. На тым месцы знаходзіцца мемарыяльная шыльда ў гонар генерала, каля якой удзельнікі акцыі паставілі белыя і чырвоныя знічы.

Потым праз увесь горад калона скіравалася на могілкі Павонзкі, дзе знаходзіцца сімвалічная магіла Булак-Балаховіча, бо ягонага цела так і не знайшлі. Каля яе ўдзельнікі акцыі таксама запалілі знічы і ўсклалі кветкі.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіла "Беларуская Нацыянальная Памяць". Арганізацыя ўжо трэці год запар ладзіць роварны рэйд памяці па варшаўскіх месцах, звязаных з імем легендарнага палкаводца.

Нагадаем, што Булак-Балаховіч у Першую сусветную вайну камандаваў дыверсійным аддзелам царскага войска. Пасля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў з яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі. Пазней перайшоў пад камандаванне Ураду БНР.

У лістападзе 1920 года Булак-Балаховіч абвясціў у Мазыры "незалежную беларускую дзяржаву", але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адышла ў Польшчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?