Першы інструмент выйшаў з рук майстра яшчэ ў 1999 годзе. З тых часоў ён зрабіў больш за тры дзясяткі сярэднявечных інструментаў, а яго барочная лютня выстаўленая ў экспазіцыі Мірскага замка.

Зрабіцца майстрам гітарных, а пасля і лютневых справаў Юрыю Дубнавіцкаму, тады яшчэ толькі выкладчыку гітары ў пінскай музычнай школе, дапамагло няшчасце.

- У музычную школу купілі дарагую гітару за 600 рублёў. Вар'яцкія для 1990 года грошы, - успамінае майстар. - Я граў на гэтым інструменце і аднойчы, вяртаючыся з рэпетыцыі, паслізнуўся на вуліцы (быў галалёд жудасны) і зламаў гэтую дарагую гітару.

Звяртаючыся да майстроў, музыка чуў адно і тое ж: кошт рамонту будзе роўны кошту новай гітары. Можна было «здацца» адміністрацыі вучылішча і адпрацаваць кошт гітары, але суразмоўца вырашыў сам адрамантаваць інструмент.

- Мяне запрасілі як госця на гітарны фестываль «Выдвижение», які адбыўся тады ўпершыню ў Мінску, - успамінае ён. - Я пачаў размаўляць з майстрамі, якія робяць гітары. Былі слушныя парады, і ў выніку гітару я адрамантаваў.

Тады ж зразумеў, што на рамонце аднаго інструмента не спынюся, пачаў рабіць гітары сам. Балазе, дэфіцыт на добрыя інструменты ў 90-я быў жудасны.

Дзевяць гадоў Юрый прысвяціў вырабу толькі акустычных гітар, працаваў у адзіночку і ў суаўтарстве з іншымі майстрамі.

- Мне заўсёды было цікава з людзьмі тэхнічна пісьменнымі, я ж сам гуманітарый, - жартуе ён. -

Мы стваралі нейкія фантастычныя станкі для працы.

За гэтыя гады майстар зрабіў каля паўсотні акустычных гітар, але да канца 90-х яны перасталі карыстацца попытам з прычыны насычэння рынку інструментамі, да таго ж

Дубнавіцкі сур'ёзна захапіўся барочнай музыкай, для выканання якой у Беларусі проста не было інструментаў.
Акрамя таго,
за год да стварэння першай беларускай лютні Пінск наведаў з канцэртам знакаміты ангельскі лютніст Браян Райт, які натхніў гітарнага майстра на стварэнне сярэднявечнага инструмента.

- Усе музыкі трохі грашаць, выконваючы на сучасных інструментах старадаўнюю музыку, - лічыць Юрый Дубнавіцкі. - Піяністы граюць музыку, напісаную для клавесіна, гітарысты - для лютні. Я вырашыў зрабіць інструмент, для якога музыка пісалася першапачаткова.

У 1999 годзе ў Пінску з'явілася першая беларуская лютня, а праз год Браян Райт наведаў Пінск другі раз, моцна здзівіўшыся, што там ужо ёсць такі рэдкі інструмент. Лютняй адразу зацікавіліся калегі-музыкі, журналісты. Юрый Дубнавіцкі лічыць такую ўвагу апраўданай. Бо

ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага лютня была шырока распаўсюджаным інструментам, для яе пісалася музыка, а пры дварах шляхты лічылася добрым тонам трымаць лютніста.

Сёння выкладчык Пінскай дзіцячай музычнай школы № 1 плануе максімальна скараціць гадзіны выкладання, пакінуўшы за сабой толькі калектыў старадаўніх інструментаў, і максімальна шчыльна заняцца вырабам старадаўніх інструментаў.

- Уявіце, што вы пасля 6-7 гадзін працы ў школе прыходзьце ў майстэрню, дзе яшчэ некалькі гадзін майстраваць сярэднявечную лютню - інструмент сам па сабе вельмі тонкі, - наракае майстар на недахоп часу. - Таму я хачу максімальна засяродзіцца на вырабе інструментаў.

Паводле словаў Юрыя, сёння

лютня не карыстаецца вялікім попытам і ў год прадаецца не больш за 3-4 інструменты. Сярэдні кошт лютні эпохі Рэнесансу - 650 даляраў. Асноўныя пакупнікі - госці з Расіі.
Калі заказчык пажадае набыць барочную лютню, багацей аформленую і больш складаную ў вырабе, давядзецца заплаціць яшчэ больш.

- Хоць для ручной працы гэта не такія ўжо вялікія грошы, - адзначае суразмоўца. - Уявіце, што

вытворцы з паўднёва-ўсходняй Азіі наладзілі масавую вытворчасць лютняў па 350 даляраў.
Канкурэнцыя, нягледзячы на пасрэдную якасць гэтых інструментаў, высокая.

Працоўны дзень у майстэрні, пад якую пераабсталяваны дом, што застаўся ў спадчыну ад бацькоў, пачынаецца з палення печы. У працы з лютняй вільготнасць павінная быць мінімальнай. У двух невялікіх пакоях-майстэрнях горача і суха.

- Пінск знаходзіцца ў нізіне, вільготнасць у нас катастрафічная, таму даводзіцца сушыць дрэва і працаваць з прыладамі ў максімальна сухіх умовах і арыентуючыся па барометр,
- дзеліцца сакрэтамі майстар. – Інструменты ў асноўным простыя - стамескі, рубанкі, ёсць некалькі прыстасаванняў, якія давялося вынайсці для спрашчэння працэсу вырабу.

Ад пачатку і да канца лютня робіцца рукамі майстра. Нават струны для прылады намотваюцца ўручную.

Гук у класічнай рэнесанснай лютні багаты тэмбрам, але не такі гучны, як у гітары. Таму і гралі на ёй для невялікай колькасці слухачоў.
Замест звыклых нот - табулатуры, у якіх не кожны музыка адразу разбярэцца.

- Мая жонка грае на віяланчэлі, але кожны раз здзіўляецца, як я і мае вучні разумеем свае ноты, - смяецца Юры.

Пасля працоўнага дня дома яго чакае жонка Вольга і верны Рэкс, які ахоўвае спакой гаспадара ад назойлівага журналіста.

Пасля дня размоваў з Юрыем Дубнавіцкім разумееш, што лютня для яго - гэта асобны сусвет, пра які майстар можа расказваць гадзінамі, тлумачачы нюансы гістарычнай дакладнасці і тонкасці рамяства.

- У прынцыпе, ніякіх сакрэтаў няма, - падсумоўвае ён. - Я шмат гадоў працаваў і працую з іншымі майстрамі, хтосьці быў маім вучнем, у кагосьці вучыўся я. Можна ўбачыць усе мае прыстасаванні (хаваць іх няма сэнсу) - хто «ў тэме» - і сам да ўсяго дойдзе. А менш захопленым і падрабязная інструкцыя не дапаможа.

Дзякуючы пачынанню Юрыя Дубнавіцкага

палескія майстры асвоілі амаль усю струнную індустрыю часоў Рэнесансу і барока. Іх рукамі таксама ствараюцца віёлы, старадаўнія гітары.
На інструментах Дубнавіцкага & Co граюць у Беларусі, Украіне і Расіі. Адраджаецца цікавасць да музыкі мінулых стагоддзяў, якая некалі гучала па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?