Заўжды цікава назіраць за тым, як абнаўляецца чужая літаратура, як мяняюцца яе кірункі, стылі і метады. Асабліва калі родная літаратура — пры наяўнасці агульных тым і задач з іншаземнай — безнадзейна ўгразла ў балоце мясцовых традыцый, не ў сілах выйсці на новыя творчыя шляхі, пачуць павевы жыцця, разглядзець свайго чытача, адгадаўшы яго думкі, надзеі і жаданні.

«Танкіст, або «Белы тыгр» расійскага пісьменніка Іллі Баяшова, фіналіста прэміі «Вялікая кніга» і лаўрэата расійскага «Нацыянальнага бестселера», выклікаў неадназначную рэакцыю
на радзіме пісьменніка, але абыякавых да кнігі, мабыць, няма.
Аповесць, у якой апісваюцца падзеі Другой сусветнай вайны, і праз 67 гадоў у Расеі ацэньваецца па самых жорсткіх і неістотных з пункту гледжання літаратуры мерках: на чыім ты баку, пісьменнік?
Адны чытачы ўгледзелі ў кнізе кепікі з ваеннага подзвігу СССР, убачылі здзек з народнай памяці. Іншыя ні бяльмеса не зразумелі ў вобразнасці аповесці, палічылі галоўных персанажаў комікснымі, карыкатурнымі. Трэція, выхаваныя ў суровых традыцыях рэалістычнай прозы, паглыбіліся ў тэхнічныя дэталі, сталі папраўляць аўтара: не такія тракі ў танка Т-34, не мог «Тыгр» столькі праехаць без дазапраўкі, няпраўда «ваш» вынік Прохараўскай бітвы! І толькі чацвёртыя ўбачылі, разгадалі, захапіліся… Сапраўды, новая літаратура часцяком выклікае ў большасці адмоўныя эмоцыі, а гады мінуць, глядзіш — і атрымае яна ў натоўпу калі не прызнанне, дык прыманне.
Заўсёды ўражвала ў расейскіх пісьменнікаў, усё роўна якога стагоддзя, веку і кірунку, іх літаратурнае майстэрства, якое нібы выдаецца ім разам з пасведчаннем аб нараджэнні.
Як часта нашы беларускія творцы не могуць стварыць жывы вобраз, надаць жвавасці дыялогу, арганізаваць найпрасцейшую сцэну, скіраваць у патрэбнае рэчышча сюжэт, а ўжо пра стыль я наогул маўчу! Расейскім ўсё даецца гуляючы — зайздросціш няхоцькі. Ілля Баяшоў — у вачах многіх «дарэмны талент» — піша лёгка, бойка, упэўнена, але галоўнае, адзіную задуму, таемны сэнс кнігі адчувальны адразу. І ладна б, каб расейскія літаратары, уключаючы Бояшова, проста добра пісалі ад пачатку і да канца, не выдыхаючыся ніколькі, як канадская хакейная дружына! Але не: усе
самыя характэрныя, прыкметныя з іх заўсёды выяўляюць сваяцтва са сваёй класікай,
падтрымліваюць сувязь з тымі, хто некалі з велізарнай працай (і вытанчанасцю!) ствараў ў Расіі саму літаратуру, прысвяціўшы ёй жыццё, абраўшы як прафесію. Вось
гэта павага да традыцыі, выказаная відавочна або таемна, мне імпануе ў сучасных расейскіх пісьменнікаў больш за ўсё. Бо ў Беларусі цяпер назіраецца адмежаваньне ад мастацкага і чалавечага вопыту пісьменнікаў ХХ стагоддзя, непрыманне іх дасягненняў, і гэта пагражае непапраўнай бядой ўсім нам.

Баяшоў не проста дынамічна, стылёва і рэалістычна апісвае напружанае, крывавае супрацьстаянне танкіста Івана Іванавіча Найдзёнава з нямецкім танкам-зданню, спрабуючы «выканаць» або «прайграць» каноны ваеннай прозы.

Гэта абсалютна дакладна выкраеная па лякалах гогалеўскага «Шыняля» гратэскавая фантасмагорыя, перададзеная як гульня фантазіі з рэальнасцю.
Якраз як у Гогаля гісторыя гэтая выкладаецца з чаргаваннем камічных і трагічных падрабязнасцяў. Зразумела, сотні чытачоў, якім ўдзяўблі ў галаву Гогаля як «найярчэйшага» прадстаўніка школы рэалізму, а гісторыю ВАВ — як святы татэм, не ўбачылі ў тумане стэрэатыпаў і табу гэтых цудоўных літаратурных пейзажаў:


Никогда так еще не гнал Иван Иваныч, никогда еще так не перекашивался ненавистью, никогда танкист еще не был так велик и страшен. Из-под взбесившихся гусениц вперемежку разбегались повстанцы, власовцы и безоружный, ободранный, словно липка, вермахт. Хрустели никому не нужные «фаусты», брызгал кирпич, когда на поворотах обезумевший «379» выносило к оградам. <…> Последние пустые бочки катились по мостовым, отдав горючее бакам: разбитый мотор издавал неслыханный вой, корпус трещал по швам. <…> «Ласточка», прыгая с великолепных имперских лестниц, рвалась за мосты и кварталы, а, следом, над нею мчались небесные танки во главе с Божественной «тридцатьчетверкой» — их великая тень уже накрывала город.


Непрыманне і неразуменне творчых задач і метадаў Баяшова адступаюць, калі ўбачыць каля ног танкіста Івана Іванавіча цень Акакія Акакіевіча.
Іван Іванавіч думае толькі пра «Белага тыгра», калі служыць паніхіды «па мёртвых танках, жаласным хрыпатым голасам заклікаючы Усявышняга прыняць іх і супакоіць на нябёсах», у Акакія Акакіевіча ж «бязладныя словы і думкі варочаліся каля аднаго і таго ж шыняля». Хутчэй за ўсё, у знятай Карэнам Шахназаравым экранізацыі аповесці, гэта ўсё будзе нябачна, невыказна, а шкада.
«Танкіст, або «Белы тыгр» — гісторыя вар’яцтва, апісаная чыста камічным складам уперамежку з меладраматычнымі дэкламацыямі разам з тэхнічнымі і гістарычнымі падрабязнасцямі.
Так, Другая сусветная вайна — найвялікшая зло і трагедыя, але яе крывава-дымныя дэкарацыі цалкам пасуюць для праўдзівага апавядання пра тое, як манія авалодвае чалавекам, непапраўна руйнуючы яго сутнасць. І
толькі смерць персанажа — тут Баяшоў цалкам пагаджаецца з Гогалем — можа спыніць гэта маральнае падзенне ў бездань.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0