Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў актывістам ЛГБТ-руху правесці 17 мая шэраг пікетаў у сталіцы: на вуліцы Няміга, на плошчы Бангалор і каля офіса Партыі БНФ. Пра гэта паведамляе сайт GayBelarus.by.

Мэтай пікетаў на Нямізе і Бангалоры было інфармаванне пра Міжнародны дзень супрацьдзеяння гамафобіі і трансфобіі, які адзначаецца штогод 17 мая.

Акцыю на плошчы Бангалор забаранілі на той падставе, што ў гэты дзень у парку Дружбы Народаў, паводле інфармацыі адміністрацыі Савецкага раёна, «будзе праводзіцца рамонт малых архітэктурных форм, цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі і касьба зялёных насаджэнняў».

Пікет з 10 чалавек на вуліцы Няміга, паводле меркавання сталічных улад, будзе «перашкаджаць функцыянаванню ўстаноў».

Падчас пікета каля ўваходу ў офіс Партыі БНФ заяўнікі акцыі Сяргей Андросенка і Валянцін Цішко планавалі, паводле іх слоў, выказаць пратэст у сувязі з гамафобнымі выказваннямі намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова. Пікет агульнай колькасцю удзельнікаў да 15 чалавек забаронены на падставе артыкула 9 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь»: правядзенне масавых мерапрыемстваў не дазваляецца на адлегласці менш як 50 метраў ад тэрыторыі мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў.

Заяўнікі акцый маюць намер абскардзіць рашэнні Мінгарвыканкама ў судзе.

«Гамафобія — гэта тое, што глыбока аб’ядноўвае апазіцыю і ўладу. Першыя заклікаюць да гвалту і дыскрымінацыі ў адносінах да ЛГБТ-супольнасці, а другія дыскрымінуюць і забараняюць любыя акцыі ЛГБТ-супольнасці», — пракаментаваў забарону акцый старшыня праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?