Эколагі заклікаюць насельніцтва Беларусі адмовіцца ад спальвання бытавых адходаў на прысядзібных участках.

Як заявіў 15 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатар праекта па адходах установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Анатоль Калач, існуе некалькі прычын для адмовы ад спальвання бытавых адходаў на прысядзібных участках: тэмпература вогнішча недастатковая для знішчэння многіх відаў адходаў, у тым ліку пластыкавых; пры спальванні адходаў у паветра выдзяляюцца канцэрагенныя рэчывы, якія назапашваюцца ў арганізме і здольныя прынесці значную шкоду здароўю, у тым ліку для нашчадкаў. Пры спальванні гумавых адходаў выдзяляюцца попел і сажа, якія асядаюць на ўчастку і ў далейшым могуць трапіць у ежу дачнікаў.

Калач адзначыў, што не варта спальваць у лясах адходы, якія ўтварыліся, напрыклад, пасля пікніка.
Гэтым самым наносіцца ўрон як здароўю ачышчальнікаў лесапаркавай зоны, так і навакольнаму асяроддзю. Лепш за ўсё такія адходы пахаваць.

Тым часам 25 красавіка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць даць магчымасць людзям спальваць смецце на сваіх прысядзібных участках.

Як паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, на наступны дзень пасля гэтага былі ўнесены змены ў правілы пажарнай бяспекі. Зараз дапускаецца падкантрольнае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на пляцоўках.
Пры гэтым пляцоўкі павінны быць абрамлены ачышчанай ад мінеральнага слою глебай паласой, шырыня якой не менш за 0,25 м. Спальваць адходы дапушчальна пры слабым ветры і пры захаванні наступных адлегласцяў: 15 м ад будынкаў і збудаванняў, 20 м ад ляснога масіву, 30 м ад месцаў, дзе складуецца сена ці салома. Дадаткова ў правілах указана, што на прысядзібных участках дапускаецца падрыхтоўка ежы ў спецыяльных прыстасаваннях на мінімальнай адлегласці да будынкаў і збудаванняў не менш як 4 м.

Начальнік аддзела зямель і ландшафтаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч не рэкамендуе спальваць бытавыя адходы на прысядзібных участках: "Усё ж трэба думаць пра тую шкоду, якая пры гэтым наносіцца як навакольнаму асяроддзю, так і непасрэдна здароўю людзей". Паводле яго слоў, на прысядзібных участках можна спальваць толькі лясныя рэшткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?