Актывісты зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Раман Васільеў і Зміцер Крамянецкі 15 мая прысуджаныя судом Цэнтральнага раёна Мінска да 12 і 10 сутак арышту адпаведна за дробнае хуліганства,
паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Раней яшчэ адзін актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка быў прысуджаны да 10 сутак арышту таксама за дробнае хуліганства.

Нагадаем, Васільеў, Крамянецкі і Дземідзенка былі затрыманыя ў Мінску 14 траўня.

Людзі ў цывільным адкрылі дзверы кватэры «маладафронтаўцаў» сваім ключом і паклалі ўсіх, хто знаходзіўся ўнутры памяшкання, тварам на падлогу.
Праз некаторы час супрацоўнікі спецслужбаў вывелі з кватэры Рамана Васільева і Змітра Крамянецкага. Маладыя людзі тры дні таму выйшлі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе адбывалі 15-суткавы арышт.

Пазней стала вядома, што затрыманы таксама намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка.

Актывісты арганізацыі звязваюць затрыманне сваіх таварышаў з пачаткам акцыі «Горад наш», падчас якой на вуліцы Няміга быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя таго, 14 траўня яшчэ аднаго актывіста «Маладога фронту» Міхаіла Мускага, які меўся выйсці на свабоду 11 траўня пасля 15 сутак арышту, суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў яшчэ да пяці сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?