«Гэта абуральна! Такое прыніжэнне!» -- патэлефанаваў у НН узрушаны чытач. Яго, навуковага супрацоўніка, зачапіла тое, што на пляцоўцы перад галоўным корпусам Нацыянальнай Акадэміі навук здымаецца расійскае кіно. І

дзеля здымак над уваходам у будынак замянілі надпіс. Цяпер гэта «Московский городской суд».
На сценах будынку, які ёсць нават на беларускіх грошах — шыльды «Московский городской суд» з гербам РФ, а над імі — расійскія трыкалоры Побач стаяць «таксоўкі» з расійскімі нумарамі, фарба на якіх яшчэ не паспела высахнуць.

Ігар Вернік вывучае сцэнар

Ігар Вернік вывучае сцэнар

Праца са святлом паміж дублямі

Праца са святлом паміж дублямі

Сцэна здымаецца проста на ганку. Стаіць машына з асвятляльнай і гукаапаратурай, камеры.

У кадры працуе расійскі акцёр Ігар Вернік у кампаніі з эфектнай бландзінкай.

Работнікі Акадэміі здзіўляюцца новай шыльдзе, але ўсярэдзіну трапляюць без праблем.

Які фільм здымаецца высветліць не ўдалося: расейцы ад каментароў адмаўляюцца, за ўсе кантакты з прэсай адказвае беларуская адміністрацыя, якая на здымачнай пляцоўцы адсутнічала.

У сакратарыяце Акадэміі навук журналісту «Нашай Нівы» таксама раскрыць назву фільма адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што Акадэмія падпісала дамову з кінастудыяй аб неразгалошванні
падрабязнасцяў здымкаў. Удакладнілі толькі, што фільм мастацкі, а не навуковы.

Мяркуючы па характарным героі і дэкарацыях, на прыступках Акадэміі ствараецца чарговая крымінальна-любоўная гісторыя з жыцця сучаснай Расіі. І, відаць, кінастудыі не па кішэні здымаць яе каля рэальнага Маскоўскага гарадскога суда -- прасцей арандаваць небагатую і неганарлівую Нацыянальную Акадэмію навук Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?