У Горадні пачало вяшчанне першае інтэрнэт‑радыё

20 сакавіка ў эфір выйшаў першы выпуск інтэрнэт‑радыё «Твой стыль». Перадача мае хранаметраж 15 хвілін і ўключае ў сябе блок гарадзенскіх навінаў, а таксама дзве аўтарскія праграмы: «Музычная гасцёўня» і «Прафстайл». Слухаць радыё можна па адрасе http://t‑styl.info

‑ Гэты выпуск падрыхтаваны слухачамі «Школы маладога журналіста» і, ў асноўным, скіравана на моладзевую аўдыторыю, — паведаміў «Пагоні» рэдактар інтэрнэт‑радыё Алесь Залеўскі. — Абнаўляць праграму напачатку плануем раз на два тыдні, але ў перспектыве гэта, канечне, on‑line.

Галоўнай асаблівасцю радыё, паводле словаў Алеся, з’яўляецца тое, што гэта адкрыты рэсурс.

‑ Кожны жадаючы мае магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці журналіста нашага радыё, — гаворыць ён. — Любы гарадзенец, калі мае нейкую ідэю ў гэтым накірунку, можа прыйсці да нас. Калі ягоная ідэя спадабаецца нам, то рана ці позна ён будзе ў эфіры.

Радыё ўваходзіць складовай часткай у інтэрнэт‑праект «Твой стыль», які рэалізуе грамадскае аб’яднанне «Трэці сэктар». Акрамя радыё, гэты праект прадугледжвае выпуск on‑line газеты.

Іван Гром, «Пагоня»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0