Польскае агенцтва навінаў «PAP» паведамляе, што грамадзянка Польшчы выйграла пазоў супраць польскай дзяржавы ў Страсбурскім судзе па правах чалавека. Польшча павінна выплаціць Аліцыі Тысёнц 52 тысячы даляраў за тое, што ёй не дазволілі зрабіць аборт.

Сем гадоў таму некалькі дактароў‑акулістаў папярэдзілі жанчыну, што яна можа цалкам страціць зрок, калі ня зробіць аборт і наважыцца нараджаць сваё трэцяе дзіця. Аднак усе гэтыя дактары адмовіліся падпісаць ёй накіраваньне на спыненьне цяжарнасьці. Адмовіўся рабіць аборт і доктар‑гінеколяг, да якога кабета прыйшла пазьней паводле сваёй ініцыятывы.

Аліцыя Тысёнц нарадзіла сваё трэцяе дзіця – цяпер яна носіць акуляры з тоўстымі лінзамі, пры дапамозе якіх яна можа бачыць толькі контуры прадметаў, якія знаходзяцца на адлегласьці мэтра. Разам з трыма дзецьмі яна жыве на пэнсію ў 140 эўра, якую атрымлівае як інвалід і маці‑адзіночка.

Кампэнсацыя ў памеры 52 тысячы даляраў ёй прысуджаная за маральную і фізычную шкоду і парушэньне яе грамадзянскіх правоў. Кабета кажа, што усьцешаная найбольш тым, што судовыя спрэчкі скончыліся, бо справа цягнулася вельмі доўга.

У Польшчы пад уплывам каталіцкай царквы ў 1993 годзе быў прыняты самы жорсткі ў Эўропе закон адносна абортаў. Паводле польскіх законаў, жанчына мае права на аборт толькі ў выпадку пагрозы жыцьцю ў выніку цяжарнасьці, пры моцных паталёгіях, альбо ў тым выпадку, калі цяжарнасьць сталася вынікам згвалтаваньня. Паводле статыстыкі, у Польшчы штогод – ня болей як 200 легальных абортаў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0