Патэлефанаваў аўтару адзін неабыякавы глыбачанін і кажа:

«Ля будынка музея ставяць рыштаванні, будуць тынкаваць яго да свята Дня беларускага пісьменства і друку. Трэба неяк спыніць гэты акт вандалізму!»

Будынак музея, бадай, адзіны ў горадзе старадаўні будынак, які захаваў свой аўтэнтычны чырвонацагляны выгляд.

Гадоў дзесяць таму сам асабіста прачытаў у «Весніку Глыбоччыны», што будынку музея нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і што ён падпадае пад ахову дзяржавы.

З гэтым будынкам звязана досыць змрочнае паданне… Кажуць, што гэты

будынак узводзіў «прараб»-беларус Крывёнак для мясцовай яўрэйскай супольнасці. Аднак «развёў яўрэяў на бабкі»,
не разлічыўся годна з будаўнікамі. Фактычна, завалодаў будынкам.

Яўрэі ж пачалі помсціць. Дасталі з паліцы чорную кніжку прыйшлі да будынка, пачалі яе чытаць, запалілі чорную свечку, вадзілі «карагод», праклялі будынак да скону веку.

«Ты, пан Крывёнак, тут жыць ніколі не будзеш, як ніколі ніхто не будзе жыць!» — напрарочылі яўрэі.

І сапраўды: неўзабаве прыйшлі бальшавікі. Зразумела, што двухпавярховы дыхтоўны будынак у Крывёнка яны канфіскавалі. Потым, у паваенны перыяд, тут было ўсё, але толькі не жылы дом: гарсавет, кантора ЖКГ, потым музей.

Я памятаю, як стваралі гэты музей у сярэдзіне 1990-х. Прыехаў мастак з Мінска, маляваў глыбоцкія дыярамы з касцёламі і кляштарамі… Начаваў у будынку музея. І раптам цяжка захварэў, з’ехаў у Мінск і так больш не вярнуўся.

У нас любое свята ў Беларусі — Дзень пісьменства ці Дажынкі — ператвараюцца ў катастрофу для помнікаў гісторыі культуры.
Тыдзень таму ў Глыбокім скончылі тынкаваць будынак ХІХ ст. па вуліцы Леніна, 5. На ім жа вісіць ахоўная шыльда! Праўда, яго фасад ад вуліцы быў затынкаваны яшчэ пры саветах, але заставаліся тры бакі не атынкаваныя, пафарбаваныя светла-чырвонай эмульсіяй, праз якую цагляная фактура муроўкі выразна праглядалася.

Я патэлефанаваў спадару Антону Астаповічу, старшыні ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», паведаміў згагадны вышэй факт.

— Я, Валодзя, наўрад ці магу штосьці змяніць! Гэты будынак не знаходзіцца ў ахоўным спісе. Але паспрабую,- кажа спадар Астаповіч.

— Як не знаходзіцца ў ахоўным спісе?! Я ж сам чытаў у раённай газеце, што будынак аднесены да гісторыка-культурнай спадчыны!

— Ты можа гэта і чытаў,- працягвае сп. Астаповіч. Але

спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў штогод карэктаваўся. Ну паслалі вашы ўлады адзін раз прапанову на ўключэнне будынка. Яго ўключылі ў ахоўны спіс. Праз год-другі спіс у Мінску адкарэктавалі,
а вашыя ўлады і ведаць гэтага не маглі, альбо ведалі пра карэктыроўку, але не паслалі ізноў дакументы.

— Дзіўная нашая краіна! Вось спадар Астаповіч часта папракаў мяне і іншых нашых краязнаўцаў, што мы не пішам прапановы ў Міністэрства культуры на ўключэнне гістарычных будынкаў Глыбокага ў ахоўны спіс. Напісалі дакументы, паслалі ў Мінск, уключылі будынак у ахоўны спіс… А праз год-другі Міністэрства адкарэктавала гэты спіс. Выкрасліла будынак з ахоўнага спіса. А хто пра гэта ўжо ведае? Ці мне, альбо камусьці яшчэ, Міністэрства прышле персанальнае паведамленне, маўляў ізноў трэба пісаць прапанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?