У пракат выходзіць камедыя «Дыктатар», у якой стваральнік «Бората» Саша Барон Коэн здзекуецца з тыранаў, дэмакратаў і інвалідаў.

Мала, што можа азмрочыць будні генерал-адмірала Аладзіна (Саша Барон Коэн), бо ён аднаасобна кіруе паўночнаафрыканскай краінай Вадыяй, а ў Вадыі шмат нафты.
Адсюль картэжы з залатых джыпаў, Меган Фокс у ложку (а да яе — Кэці Пэры і незлічонае мноства зорак Галівуду, у тым ліку мужчын) і дурны нораў.

Але ёсць праблемы.

Па-першае,

міжнародная супольнасць пагражае перайсці ад розных там санкцый (што яны нафтаваму самадуру?) да авіяўдараў, калі Аладзін не патлумачыцца перад ААН.
Па-другое, раз-поразхто-небудзь выскоквае з-за рога з пісталетам у руцэ і лямантам «Смерць дыктатару!» На другія выпадкі ёсць двайнікі, але перад ААН выступіць ўсё ж прыйдзецца — мудры дарадца (Бэн Кінгслі) настойвае. У Нью-Ёрку чакаюць сюрпрызы: новы целаахоўнік (Джон С. Райлі), які ненавідзіць арабаў (Аладзіна ня араб, але гэта для амерыканскага ястраба не прынцыпова) і знаёмства з дзяўчынай (Ганна Фэрис), якая стрыжэцца коратка, не голіць падпахі, ходзіць на мітынгі і трымае ў Брукліне крамку з шматнацыянальным складам работнікаў.

Ад сваіх старых масак Коэн, здаецца, адмовіўся, прыдумаў генерал-адмірала Аладзіна і зняў «Дыктатара» — традыцыйную камедыю. Вельмі смешную і надзённую.

Рэжысёрам, як у «Бораце» і «Бруна» выступіў амерыканскі сатырык Лары Чарльз.

На публіцы, дарэчы, Коэн зараз таксама з’яўляецца выключна як эксцэнтрычны сатрап у мундзіры а-ля Кадафі: на чырвонай дывановай дарожцы «Оскара», напрыклад, «выпадкова» перакуліў скрыню, у якой нібыта знаходзіўся прах экс-лідэра Паўночнай Карэі Кіма Чэн Іра.
У фільме Коэн, гэта значыць, прабачце, Аладзін, таксама звыкла непаліткарэктны: прыніжае жанчын, дае выспятка дзецям (непаслухмяным, якія відавочна таго заслугоўваюць, зрэшты), абражае пачуцці габрэяў і арабаў.
Прычым нават тады, калі яго герой заняты самымі нявіннымі рэчамі — напрыклад, гуляе ў Nintendo Wii.
У сатрапа свае забавы — на экране узброены аўтаматам гулец № 1 сваёй краіны ўрываецца ў нумар ізраільскай каманды на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене 1972 года. За мяжой фолу?

Мабыць, але даводзіцца прызнаць, зроблена таленавіта.

Ёсць яшчэ выдатны гэг, у якім двое мужчын ўсходняй знешнасці (Аладзін без барады і яго былы спец па ядзернай зброі з барадой) садзяцца турыстамі на борт экскурсійнага верталёта: варта ім перайсці на родную мову і згадаць ў размове лічбу 9–11, хмарачос Эмпайр- Стэйт і статую Свабоды, як вакол пачынае нарастаць трывога.

Пры гэтым

Коэн не высмейвае адзін бок за кошт іншага.

Дэмакратыю ў аўтарытарнай Вадыі хочуць насадзіць нафтавыя магнаты з BP, Exxon і Кітая, каб займець кантракты.

Дыктатар таксама дабрынёй не вызначаецца: адпраўляе падданых на смерць пад настрой і з трыбуны заклікае амерыканскіх калегаў рабіць як ён.

Гэта значыць

марнаваць грошы на сяброў, кантраляваць СМІ і фальсіфікаваць выбары — бо гэта так зручна і прыемна.

І калі трэба навесці парадак у краме, дзе працуе яго нью-ёркская знаёмая, яго метады, дарэчы, працуюць выдатна.

Яшчэ ў экранным Нью-Ёрку ёсць палітычныя ўцекачы з Вадыі — але яны пагалоўна былыя прадстаўнікі наменклатуры, якія трапілі ў няміласць, і таму далёка не нявінныя авечкі. Уласна, адзіная такая авечка тут — знойдзены ў гарах пастух-двайнік, працай якога становіцца атрымаць кулю ў лоб за свайго кіраўніка. Такія вось невясёлыя грамадска-палітычныя расклады ў смешным фільме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?