Арганізатары новага польскага фестывалю Halfway Festival абвясцілі спіс яго ўдзельнікаў. У першай дзеі пад назвай Songwriting Op!era выступяць ісландцы з Low Roar, амерыканцы The Mountain Goats, літоўская спявачка Аліна Арлова, Паліна Рэспубліка і «Людзі на балоце» з Беларусі. У другой частцы фэсту Op!era Folk заяўленыя Woven Hand, Haydamaky, Вася Абломаў, а таксама беларусы з Re1ikt і FolkRoll.

Ідэя правядзення Halfway Festival належыць Падляшскай оперы і філармоніі — Еўрапейскаму цэнтру мастацтва ў Беластоку. Яна палягае ў тым, каб прадставіць у межах аднаго фестывалю тры музычныя культуры — бардаў, фолк ды альтэрнатыву.
Паказаць выканаўцаў, якія лічацца ўжо легендарнымі ў сваім кірунку і даць магчымасць выступіць маладым артыстам. Арганізатары спадзяюцца, што ў перспектыве Halfway Festival прыцягне ўвагу гледачоў з усіх суседскіх бакоў.

Фэст умоўна падзяляецца на дзве часткі. Першая пройдзе 9 і 10 чэрвеня і мае сваю назву — Songwriting Op!era Festival. Тут выступяць уласна сонграйтэры, ці проста выканаўцы сваіх песняў (у нас у больш вузкім значэнні іх называюць бардамі).

У гэтай частцы заяўленыя такія выканаўцы, як Марцін Хол з Даніі, The Mountain Goats з ЗША, абсалютна культавы для палякаў Лех Янерка, Low Roar з Ісландыі, француз Себасцьян Шулер, літоўская спявачка Аліна Арлова і Паліна Рэспубліка з Беларусі, а таксама яшчэ адзін наш гурт — «Людзі на балоце» (гэта новы праект удзельнікаў гурта «КальЯн»).

Не менш цікавай будзе і другая частка, што завецца Op!era Folk Festival. Яна пройдзе ў тры дні — 29, 30 чэрвеня і 1 ліпеня. З назвы вынікае, што тут выступяць фолк-выканаўцы. Як, напрыклад Warsaw Village Band/Kapela Ze Wsi Warszawa, які лічыцца самым вядомым у свеце польскім фольк-гуртом. Прадставяць сумесную праграму аркестр Падляшскай оперы і філармоніі і мужчынскім вакальным гуртом Constantine з Сербіі. Бачанне свайго фальклору пакажуць амерыканцы з The Loom і Great Lake Swimmers. Важнае месца ў праграме займаюць выступы беларускіх гуртоў.

Плануецца канцэрт FolkRoll з Настай Някрасавай і Re1ikt
з новым вакалістам, імя якога пакуль музыкі трымаюць у сакрэце.
Паколькі фэст завершыцца разам з чэмпіянатам Еўропы па футболе, для надання ўкраінскага акцэнту паклікалі таксама ўкраінскі гурт Haydamaky.
А завершыцца фэст выступам Woven Hand — праекту Дэвіда Юджына Эдвардса, якога называюць адным з самых таямнічых амерыканскіх музыкантаў.
Уся дзея будзе адбывацца ў толькі што адкрытым амфітэатры Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.

Праграма фестывалю:

Songwriting Op!era Festival

09.06.2012

Lifemotiv (Польшча)

Паліна Рэспубліка (Беларусь)

Людзі на балоце (Беларусь)

Аліна Арлова (Літва)

Марцін Хол (Данія)

Лех Янерка (Польшча)

10.06.2012

Low Roar (Ісландыя)

Себасцьян Шулер (Францыя)

The Mountain Goats (ЗША)

Op!era Folk Fesitval

29.06.2012

Аркестр Падляшскай оперы і філармоніі з мужчынскім хорам Constantine (Сербія)

Kapela ze Wsi Warszawa

30.06.2012

FolkRoll (Беларусь)

Re1ikt (Беларусь)

The Loom (ЗША)

Вася Абломаў (Расія)

Sun Kil Moon (ЗША)

01.07.2012

Chlopcy kontra Basia (Польшча)

Haydamaky (Украіна)

Sin Fang (Ісландыя)

Great Lake Swimmers (Канада)

Woven Hand (ЗША)

Замовіць квіткі можна праз афіцыйны сайт фестывалю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?