Работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала ў суд на дзеяча апазіцыі Віктара Івашкевіча. Падставай для пазову стала тое, што Івашкевіч заклікаў еўрапейскія кампаніі байкатаваць беларускія нафтапрадукты.

Напачатку планавалася, што 22 мая адбудзецца дасудовае пасяджэнне. Але суддзя Ірына Ляўкова прапанавала пачаць сам працэс, на што абодва бакі пагадзіліся.

Цыбліенка ад Івашкевіча патрабуе 500 тысяч рублёў кампенсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанеслі ёй асабіста яго выказванні. А таксама просіць абавязаць палітыка звярнуцца з лістом аб адмове сваіх ранейшых патрабаванняў і накіраваць ліст тым жа адрасатам — то бок кіраўнікаў краін Еўрапейскага Саюза. Па словах жанчыны, пакуль гэта не зроблена, існуе рэальная пагроза ўвядзення санкцый.

«Адсутнічае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Я перажываю сапраўдны стрэс. Я не магу спакойна працаваць. А раптам з-за санкцыяў я страчу працу? У мяне падскочыў ціск і пачаліся неўрозы. Гэтая тэма пастаянна абмяркоўваецца ў калектыве…»

Яна наракае, што не зможа спакойна жыць, калі не будзе ўпэўненая ў будучыні сваёй сям’і.

«І так мала плацяць, а вы хочаце яшчэ горай зрабіць? Які ваш унёсак у бюджэт краіны? Вы плаціце падаткі?»

— маўляў, чаго дамагаецца Івашкевіч сваімі заклікамі.

Жанчына, як падаецца, шчыра верыць у тое, што гаворыць. Яна падрыхтаваная да суда (альбо яе падрыхтавалі). Цыбліенка прыводзіла словы Івашкевіча з яго інтэрв’ю. Пытанні для яго запісаныя на паперы.

Віктар спрабаваў давесці, што менавіта ўрад адказны за пагаршэнне эканамічнага становішча, а не ягоныя заклікі. Дэвальвацыя рубля мінулага года не ідзе ні ў якае параўнанне з заклікамі да санкцый.

«Пасля леташняй дэвальвацыі вы выставілі пазоў Пракаповічу, які гэта зрабіў — рэальна падарваў ваша матэрыяльнае становішча?»

— пытанне Івашкевіча гучала як рытарычнае. Ён запытаўся, чаму рэальнае пагаршэнне сітуацыі не выклікала ў жанчыны маральных пакутаў, а гіпатэтычныя санкцыі — выклікалі.

Цыблінская не адмаўляла, што эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршала. Але яна не лічыць, што ў гэтым вінавата кіраўніцтва Беларусі.

«Усё, што робіць урад, — правільна».

А палітвязняў, якіх нібыта ў Беларусі знайшоў ЕС, яна прымае за звычайных злачынцаў: «За кратамі сядзяць людзі, якія парушылі закон».

«Я лічу, калі вы скажаце не ўводзіць санкцыі, іх не ўвядуць. А калі вы заклічаце да іх, то могуць прыслухацца. Палічаць, што так думае большасць».

Па словах Івашкевіча, да санкцый з боку ЕС хутчэй падштурхоўваць выказванні Аляксандра Лукашэнкі кшталту «ў еўрапейскіх палітыкаў няма яіц». І таму трэба ўсім разам абмяркоўваць, як змяніць «рэжым».

«Апазіцыя павінны быць у любой краіне»,

— сказала Цыбліенка падчас судовых спрэчак. Але заявы Івашкевіча «нашу апазіцыю проста дыскрэдытуюць».

Група падтрымкі Марыны Цыбліенкі ў зале суда складалася з 10-12 чалавек. Яны эмацыйна рэагавалі на словы Івашкевіча. Увесь час перамаўляліся паміж сабой, даводзячы абсурднасць і галасноўнасць, на іх думку, слоў Івашкевіча. Пасля некалькіх заўваг суддзя выдаліла дзвюх жанчын з залы. Але калі і выходзілі, яна паспрабавалі агрызацца з Івашкевічам.

А 15-й гадзіне быў вынесены прысуд: Івашкевіч аштрафаваны на 500 тыс. рублёў.

* * *

10:35

Цыбліенка асабіста прыехала ў суд, журналістам заявіла, што ад патрабаванняў не адмаўляецца.

Перад будынкам суда стаіць каля 20 пікетоўшчыкаў ад прафсаюза, кажуць, што прыехалі з Мазыра. Трымаюць плакаты (па-расійску) «Марына, мы з табой», «Івашкевіч, ці ёсць у цябе сумленне», «Правакатараў, якія заклікаюць да эканамічных санкцый супраць Беларусь — да адказу», «Рукі прэч ад працоўных калектываў».

10:45

Пад’ехаў Івашкевіч, падышоў да пікетоўшчыкаў. Яго пытаюцца: «Навошта ён гэта робіць?» Івашкевіч адказвае, што хацеў прыехаць у Мазыр, але не атрымаў дазволу кіраўніцтва прафсаюза.

10:50

Івашкевіч зайшоў у будынак суда.

11:07

Вядзе пасяджэнне суддзя Ірына Ляўкова. Цыбліенка, як зайшла ў залу пасяджэння, то павіталася персанальна з Івашкевіча. У зале каля 20 чалавек.

11:14

Цыбліенка папрасіла, каб яе правы прадстаўляла Святлана Котава — загадчыца юрыдычнай кансультацыі прававога ўпраўлення апарата савета ФПБ. Просьба задаволена. Пачаўся судовы разгляд справы.

11:32

Цыбліенка і Котава выступілі з тлумачэннямі, просяць спагнаць з Івашкевіча 500 тыс., і каб Івашкевіч адклікаў свой заклік. Івашкевіч задае пытанні.

11:50

Цыбліенка кажа: «Я перажываю вялікі стрэс не магу працаваць спакойна. Я не пэўная ў заўтрашнім дні. А раптам з-за санкцыяў я згублю працу. У мяне падскочыў ціск і пачаліся неўрозы».

Івашкевіч парыруе: «Я падарваў ваш стан?» — Цыбліенка: «Калі я буду чакаць санкцый, то будзе ўжо позна, вы не маеце рацыі, што заклікаеце да санкцый краіну, у якой жывяце».

12:11
Цыбліенка: «І так мала плацяць, а вы хочаце яшчэ горай зрабіць?»

Івашкевіч: «Горай быць ужо не можа».

Ён тлумачыць, што менавіта ўрад адказны за пагаршэнне эканамічнага становішча, а не ягоныя (Івашкевіча) заклікі да санкцый. Дэвальвацыя рубля мінулага года не ідзе ні ў якае параўнанне з заклікамі да санкцый.

12:32

Пачалося даследаванне матэрыялаў справы, магчыма, сёння судовае пасяджэнне і скончыцца.

12:34

Ідуць судовыя спрэчкі.

12:42

Спрэчкі скончаныя. А 15-й будзе абвешчаны прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?