«Не самы прыдатны момант абмяркоўваць з Еўрасаюзам аблягчэнне візавага рэжыму, калі больш чым 200 беларускіх чыноўнікаў не могуць нават выехаць на Захад»,
— заявіў 21 мая беларускі пасол у ФРГ Андрэй Гіро падчас дыскусіі ў бундэстагу, прысвечанай палітыцы Германіі і ЕС адносна Беларусі.

Як паведаміла ўдзельніца дыскусіі, эксперт Германскага фонду Маршала (ЗША) Марына Рахлей, беларускі дыпламат раскрытыкаваў двайныя стандарты ў еўрапейскай палітыцы, абмежаваны ўдзел Беларусі ў палітыцы Усходняга партнёрства, а таксама той факт, што дыялог аб мадэрнізацыі адносінаў Беларусі і ЕС стартаваў без удзелу прадстаўнікоў беларускай улады.

Пасол падкрэсліў, што Мінск «зацікаўлены ў дыялогу з Захадам і ніколі ад яго не адмаўляўся».

У сваю чаргу кіраўнік аддзела Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд нагадаў, што аблягчэнне візавага рэжыму і зніжэнне кошту віз стала б магчыма для «мільёнаў беларусаў». Аднак пакуль беларускія ўлады не даюць адказу на прапанову, зробленую год таму (у чэрвені 2011 года), асобныя краіны ЕС пайшлі на гэты крок у двухбаковым парадку ў рамках заканадаўства, адзначыў еўрачыноўнік.

Прадстаўнік Бруселя згадзіўся з тым, што рэалізацыя працэсу мадэрнізацыі немагчыма без удзелу ўрада Беларусі.
У рамках дыялогу ЕС з дапамогай грамадзянскай супольнасці Беларусі карэкціруе прамежкавы план двухбаковага супрацоўніцтва ў гэтай галіне, які быў гатовы два гады таму.

Віганд звярнуў увагу на «дакладнасць фармулёвак ЕС». Так, каб Брусель пачаў перагляд уведзеных санкцый, неабходна «вызваліць і рэабілітаваць астатніх дзевяць палітзняволеных». «Гэтыя крокі дапамогуць нам нармалізаваць адносіны. Каб палепшыць іх, патрэбен прагрэс у галіне асноўных правоў і свабод», — указаў дыпламат.

Упаўнаважаная МЗС ФРГ па краінах Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі Патрыцыя Флор выказала занепакоенасць станам здароўя зняволеных Мікалая Статкевіча і Сяргея Каваленкі. Пры гэтым яна адзначыла «адсутнасць эскалацыі з боку Мінска». «Хачу падкрэсліць, што ўмовы, на якіх магчымая нармалізацыя адносінаў, вядомыя і дыскусіі не падлягаюць», — заявіла Флор.

Райнер Лінднер, кіраўнік Германска-беларускага таварыства і выканаўчы дырэктар Усходняга камітэта нямецкай эканомікі, указаў на «сігналы з Мінска пра гатоўнасць ісці насустрач Еўропе». Ён таксама паведаміў, што правядзенне традыцыйнага Мінскага форуму восенню 2012 года пакуль не плануецца, але калі сітуацыя ў краіне будзе мяняцца, гэтае рашэнне можа быць перагледжанае.

Эксперт Германскага фонду Маршала Ёрг Форбрыг параўнаў наяўную сітуацыю з летам 2008 года, калі беларускія ўлады таксама ўстрымліваліся ад эскалацыі адносінаў і абяцалі вызваліць усіх палітзняволеных. Ён адзначыў зладжанасць дзеянняў краін ЕС пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў фарміраванні інструментаў уздзеяння на сітуацыю ў краіне. Пры гэтым Форбрыг засцярог ад паўтарэння памылак чатырохгадовай даўніны.

Дыскусія была арганізаваная Нямецка-беларускім таварыствам. У ёй таксама ўзялі ўдзел дэпутаты бундэстага Ута Цапф і Карл-Георг Вельман.

Варта адзначыць, што беларускі пасол не быў афіцыйна запрошаны на дыскусію. Між тым, дыскусія была пазітыўна ацэненая ўдзельнікамі за адкрытасць і ўдзел у ёй кіраўніка беларускага пасольства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?