Сёння ў Баку — першы паўфінал «Еўрабачання-2012».

Галоўная радасць вечара, ды і ўсяго конкурсу — удзел удмурцкага фолк-гурту «Буранаўскія бабулі» (па-ўдмурцку — «Брангуртысь песянаёс»),
які рэпрэзентуюць на «Еўрабачанні» Расію.

Гурты такога кшталту ў Беларусі раней масава выступалі ў перадачы «Запрашаем на вячоркі». Ён узнік пры звычайным Доме культуры. Бабулі — сапраўдныя бабулі — спяваюць песні на роднай мове, а таксама займелі папулярнасць у інтэрнэце перапеўкамі сусветных хітоў.

Наймаладзейшай удзельніцы гурту 43 гады, найстарэйшай — 85. Яны праспявалі ў Баку сваю гумарную песню Party for Everybody. Падчас выступу на сцэне з’явілася печка. Амаль сапраўдная, з дымам.

Пазітыўныя і каларытныя спявачкі кантраставалі з большасцю «фарматных» удзельнікаў конкурсу.

Землякі «Буранаўскіх бабуль» сабраліся ў вясковым клубе, каб разам глядзець сваіх зямлячак.

Беларусь на «Еўрабачанні» прадстаўляе гурт Litesound. Ён выступіць у другім паўфінале — 24 мая.

Калі ўсё ж такі Litesound будзе ў фінале, то з кім давядзецца спаборнічаць? Вынікі першага паўфінала такія:

Румынія — што і патрабавалася даказаць: лацінаамерыканскія рытмы непераможныя.

Малдова — балканскую музыку можа параўнаць з лацінаамерыканскай па патэнцыяле.

Ісландыя — а вось гэта нечакана, не самая хітовая песня, але ўзровень высокі.

Венгрыя — а кажуць, што кампакт-дыскі сваё аджылі.

Данія — вось і Гватэмала падцягнулася, што, канечне, добра.

Албанія — яшчэ раз паслухаем эмацыйныя спевы, якія на гэтым конкурсе сустракаюцца рэдка.

Кіпр — справа Беёнсэ жыве паралельна з самой Беёнсэ.

Грэцыя — аранжыроўка аранжыроўкай, а дзяўчына там прыгожая.

Расія — ну, у бабульках ніхто не сумняваўся.

Ірландыя — калі не перамогуць, убачым блізнятаў і ў наступным годзе.

* * *

Запрашаем анлайн адсачыць, як змагаліся за выхад у фінал нашыя патэнцыйныя супернікі. У сённяшняй праграме заяўленыя: бабулі з Удмурціі, фрыкі з Чарнагорыі, змрочныя ісландцы і іншыя персанажы: цікавыя і не вельмі. Як і летась, нагадаем: меркаванне аўтара суб’ектыўнае, і ад яго, на жаль, нічога не залежыць.

Чарнагорыя

Rambo Amadeus

Euro Neuro

Распачалося Еўрабачанне з фрыкаў — нехта Рэмба Амадэус спявае песню, пра нацыяналізм-патрыятызм-мілітарызм-альтруізм-лібералізм
ды іншыя, не меней цікавыя рэчы. Джазіст Амадэус спецыяльна чытае рэп на такой англійскай мове, якой бы пазайздросціў расійскі міністр Мутко, з ягоным «спік інгліш фром май харт». Але ўсё гэта зроблена з гумарам, часам не самым паліткарэктным — на YouTube пад гэтым кліпам ужо ідзе сапраўдная бойка.
Жыў бы Амадэус у нас — быў бы ў «чорным спісе».

Ісландыя

Грэта Салоўмэ і Ёнсі

Never Forget А вось гэтая парачка на Еўрабачанні ўжо не першы раз. Заўважце, якую атмасферу яны адразу стварылі — вось што значыць суровыя паўночныя народы: перамагчы такіх будзе няпроста. Цікава, колькі балаў ім дадуць нашыя суайчыннікі.

Затое якая сімпатычная мелодыя — з такой песняй варта ехаць у другі раз.

Грэцыя

Элефтэрыя Элефтэрыў

Aphrodisiac

О!

Урэшце Еўрабачанне можна пазнаць — вось вам і тыповая песня пра каханне, вясёленькая і з прыпевам пра «дэнс-дэнс».
Папса папсой — нібы аранжыроўку рабілі недзе ў Беларусі ці ў Расіі. А што, у Грэцыі крызіс як-ніяк. Элефтэрыю Элефтэрыў называюць адной з фаварытаў паўфінала. А што — дзяўчына вельмі прыгожая.

Латвія Anmary

Beautiful Song

«Я нарадзілася ў далёкім 1980-м годзе…" паведамляе нам у першым жа радку латвійская спявачка расейскага паходжання Anmary (Лінда Амантава). Яе «Харошая песня» — амерыканская традыцыйная балада, не па гучанні, але па змесце: я нарадзілася тады і там, маці сказала — будзеш спяваць, тата падарыў першую гітару і г.д. Але з хэпі-эндам: цяпер на радыё прыгожая песня, якую ўсе спяваюць.

Калі ў фінал Anmary не трапіць, можа трошкі падправіць тэкст і выкарыстоўваць песню як рэзюмэ.

Албанія

Рона Нішліў

Suus

Кажуць, Рона Нішліў — — першая косаўская албанка, якая прадстаўляе Албанію на Еўрабачанні.
Спявае песню адразу на дзвюх мовах — на албанскай і на лаціне. І, ведаеце, гэта гучыць вельмі нават нічога — канечне, калі вы любіце, фартэпіянныя балады і спявачак, якія могуць доўга трымаць ноту.
Спявае Рона з сапраўдным надрывам, і нават можа спаборнічаць з аркестрам, які проста перакрывае голасам.
Такія эмоцыі не дадаюць разборлівасці тэксту песні.

Румынія Mandinga

Zaleilah

Поп-гурт з Румыніі таксама трапляе ў спіс фаварытаў. А ўсё чаму? Бо апроч скрупулёзнага адсочвання сёлетняга музычнага канону, які так любяць удзельнікі Еўрабачання,

яны дадалі ў песню лацінаамерыканскія рытмы і інструменты —
ад гэтага заўжды можна выйграць, асабліва калі ў астатнім канон не парушаць, і калі ў вашым гурце прыгожая вакалістка. У фінале ўбачым яшчэ раз.

Швейцарыя Sinplus

Unbreakable

Швейцарцы Sinplus напісалі ідэальную для радыёфармата песню — усяго дзве хвіліны сямнаццаць секунд. Насамрэч, нават нашыя радыёстанцыі ўжо круцяць нешта падобнае —

менавіта так і выглядае поп-рок: запамінальны рэфрэн, вакаліст з іракезам і звышвыразнай мімікай (нават празмерна), гітарыст, які скача па сцэне і бубнач у профіль падобны на малодшага навуковага супрацоўніка.
Шанцы ў хлопцаў ёсць. Хаця, калі б песня доўжылася тры хвіліны, шанцаў стала б меней.

Бельгія Iris

Would You

Попыт на фартэпіянныя балады няўхільна расце — вось яшчэ адна, такую ставіць на тэлебачанні будзе прасцей, чым албанскую. Ды і адчуваецца праца прафесійных хітмэйкераў — такіх песняў у эфіры шмат.

Меладычна, сімпатычна, пра каханне і падбадзёрвае — калі б так спявала Алена Ланская, то можна было абыходзіцца без дапамогі віцебскіх ідэолагаў.

Фінляндыя

Перніла Карлсан

När Jag Blundar

Увогуле,

Перніла Карлсан — гандбалістка, якая праспявае нам песню «Калі я заплюшчваю вочы».
Здагадайцеся, які інструмент іграе рытм? Так, гэта яно — фартэпіяна. Пачалося Еўрабачанне выступам сімпатычнага фрыка, а працягваецца баладамі, з якіх цяжка нешта абраць. А балады па-шведску (Перніла належыць да шведскай меншасці) — гэта, між іншым, прыгожа. А ў сярэдзіне і аркестр далучыўся — таксама сімпатычна, і мелодыя тыповая, але цікавая. Не, не было б у Ланской шанцаў — яе канкурэнткі выглядаюць лепей.

Ізраіль Izabo

Time

Ізраільскі індзі-рок-гурт пачынае з барабаннага біта, прымушаючы ўзгадаць хіты 1950-х. Жаночыя бэк-вакалы, празрыстая гітара, і сола на струнных —

такое сабе рэтра,
ды ў кліпе эстэтыка таго часу вельмі прасочваецца. Чаму б і не паслухаць іх яшчэ раз — у фінале.

Сан-Марына

Валянціна Манэта

The Social Network Song

Песня пра тое, што ўсе мы любім болей за фартэпіянныя балады ў любым выкананні — сацыяльныя сеткі.

Спачатку песня называлася Facebook Oh, Oh, Uh, але арганізатары Еўрабачання папрасілі падрэдагаваць.
Вось на Валянціну можна было б якую манету і паставіць — тыповы поп-шлягер нашага часу, хітовы патэнцыял відавочны. І шанцаў без «Фэйсбуку» ў назве стала болей — у краінах, дзе болей за ўсё любяць Еўрабачанне, папулярныя трошкі іншыя сацыяльныя сеткі.

Кіпр

Іві Адаму

La Love

А вось яшчэ адна песня, зробленая па прынцыпе сучаснага хіта.

Кіпр прадстаўляе Іві Адаму, якая захапляецца творчасцю Беёнсэ
ды іншых топавых артыстаў.
Такой музыкі ў свеце многа,
але Іві застаецца адной з фаварытак конкурса. Па зразумелых прычынах, якія не варта агучваць, ужо пасля першых 30 секунд трэка — радыёфармат як ён ёсць. Прычым за абразу гэтыя словы лічыць не трэба.

Данія

Салуна Самай

Should’ve Known Better

Сама

Салуна родам зусім не з Даніі, а з Гватэмалы.
Соўлавыя ноткі ў Салуны, а таксама ненавязлівая акустычная гітара, якая запаўняе паўзу паміж тлустымі прыпеўнымі аранжыроўкамі, цалкам могуць спрацаваць.

Расія

Буранаўскія бабулі

Party for Everybody

Удмурцкія бабулі ўжо набралі столькі ж праглядаў на YouTube, колькі іх папярэднія канкурэнты ўзятыя разам. Тое, што

яны спяваюць на англійскай і ўдмурцкай адначасова,
робіць іх яшчэ больш незвычайнымі і харызматычнымі. Канечне, апроч прэстыжу Расіі гэтая перамога наўрад ці што дасць, але ж ад Брытаніі выступіць Энгельберт Хампепрдзінк, чый узрост набліжаецца да ўзросту бабулек, чаму б і не.

. Венгрыя

Compact Disco

Sound of the Hearts

А вось венгерскі гурт Compact Disco, з песняй з арыгінальнай назвай «Гук сэрцаў». Гучанне ў песні адпаведнае, пасля бабулек глядзіцца сумнавата, аднак

лёгкая электроніка з канца 80-х актуальнасці не губляе.
Болей і сказаць няма чаго.

Аўстрыя Trackshittaz

Woki Mit Deim Popo

Хіп-хоп дуэт з песняй «Рухай попай» і дзяўчынамі, якія танчаць вакол шаста. А пасля пачынаюць свяціцца ў цемры. У астатнім — яшчэ адзін добры прыклад песні, зробленай па канонах сучаснага хітмэйкерства. Цікава, а ўсе аўстрыйскія і нямецкія выканаўцы, якія маюць дачыненне да электроннай музыкі, носяць касцюмы? У любым выпадку, на якім-небудзь канале мы гэтую песню яшчэ ўбачым і пачуем.

Малдова

Паша Парфеній

Lăutar

Яго прэзентуюць як спевака і кампазітара, які перамог на «Славянскім базары». Так і чакаеш убачыць і пачуць нешта кшталту «Верасоў». Замест гэтага маем балканскі калектыў са скрыпкамі, дудкамі, «хонкі-тонк» клавішамі і мелодыкай, якая ўсё імкнецца перайсці ў стэп. Прынамсі,

танчыць пад такое можна — ёсць меркаванне, што ў фінале яшчэ ўбачым спадара Парфенія і ягоны бэнд.

Ірландыя Jedward

Waterline

І закрываюць наш сённяшні паўфінал браты-блізняты з Ірландыі, які штурмуюць Еўрабачанне ўжо другі раз запар — летась яны спыніліся на восьмым месцы, але вырашылі, што сёлета шансаў болей. І

пайшлі самым простым шляхам — ізноў стварылі песню для любой радыёстанцыі свету, паставілі дыбарам валасы,
як гіпербалізаваныя глэм-рокеры70-х. Мяркуючы па тым, што сёння прагучала, асаблівых шанцаў болей чым на восьмае месца ў іх няма. Аднак можна паспрабаваць у наступным годзе, а раптам?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0