Маленечкая, велічынёю з далонь, кніжачка. Семдзесят дзьве старонкі разам з тытулам і выходнымі зьвесткамі. І менавіта з гэтых зьвестак атрымліваеш першае моцнае ўражаньне. Яны небывалыя, нечуваныя.

Ужо адны яны робяць кніжачку ўнікальнай. Таму што гэта не звычайныя тэхнічныя зьвесткі, а малюнак грамадзянскай зьявы, малюнак узрушальнай падзеі. Вось гэтыя дадзеныя: «Укладальнік – Жыцьцё. Час укладаньня – сакавік 2006 г. Падпісана ў друк уначы з 23.03.2006 на 24.03.2006. Наклад невядомы. Менск, плошча Каліноўскага, 1». Назоў кніжачкі: «Рэпартаж зь месца падзеяў. Вершы і песьні Плошчы». Дваццаць шэсьць аўтараў, шаснаццаць зь іх выступаюць пад сваімі імёнамі, астатнія замест імёнаў падаюць свае электронныя адрасы. Упэўнены, што не праз боязь, а проста, выходзячы зь Сеціва ў тыя сакавіцкія дні й ночы, яны забылі свае імёны, распусьціліся ў хвалях моладзевага мора, у якое пераўтварылася Плошча.

Не скажу, пры ўсім сваім захапленьні гэтай унікальнай кніжкай, што зьмешчаныя ў ёй вершы і песьні – шэдэўры паэзіі. Не шэдэўры. Але бяздарных, няшчырых, халодных вершаў і тэкстаў песень у кніжцы няма. І без адзінай нацяжкі можна сказаць, што ў цэлым кніжка ёсьць узорам грамадзянскай паэзіі. Сапраўды грамадзянскай, бо доўгі час за грамадзянскасьць выдавалася рыфмаваная палітычная траскатня, голая рыторыка, прапагандысцкія клішэ савецкай дыктатуры, чаго патрабуе ад паэтаў і цяперашняя ўлада.

Насамрэч, грамадзянская паэзія ёсьць від лірыкі, у якой паэт выказвае свае думкі аб той ці іншай, палітычнай альбо сацыяльнай зьяве самастойна, перажываючы гэтыя зьявы ўсёй сваёй істотай, асэнсоўваючы іх па‑свойму. Таму што паэт‑мастак гэтым і адрозьніваецца ад прапагандыста зь ягоным казённым мысьленьнем. «Вершы і песьні Плошчы» – менавіта лірыка, грамадзянская лірыка, інтымнае перажываньне таго, чым жыве грамада, а разам зь ёю і аўтары. Яны часьцінкі грамады, і разам з тым кожны зь іх – індывідуальнасьць, асоба, «Я», зьлітае з «Мы». Што і робіць грамаду грамадою, а не натоўпам.

Кніжачка пачынаецца вершам паэта Славаміра Адамовіча «Беларускай Моладзі», напісаным у Осла, сталіцы Нарвэгіі, дзе паэт апошнім часам жыве. Ня буду крывіць душою, рабіць Славаміру патураньняў. Верш ня зь лепшых у кніжцы, занадта рытарычны, лёзунгавы, просталінейны, адзіны, мабыць, верш гэткага кшталту сярод усіх астатніх. Але я, прачытаўшы яго, адразу згадаў, як некалі, недзе ў 90‑я гады, удзельнічаючы ў вулічнай акцыі пратэсту супраць уціску свабоды слова, Славамір Адамовіч зашыў сабе рот на вачох у дэманстрантаў, амапаўцаў і спалоханых разявакаў. Зашыў літаральна іголкай зь ніткай. І гэты зашыты рот паэта крычаў на ўсю Беларусь, на ўвесь сьвет грамчэй за ўсе радыёрупары, усе мэгафоны. Гэта быў учынак! Жывая мэтафара. І вось яна стала ў маім ўяўленьні на старонцы вершаў і песень Плошчы: я ўбачыў, як Славамір вышмаргнуў тыя ніткі з роту, бо тут, на Плошчы, былі адно свае людзі, «свабодныя, вольныя птахі», новая моладзь Беларусі, і чытала яна вершы, і сьпявала песьні свабодна, на ўсе грудзі. Бо гэта была ейная Плошча, ейная тэрыторыя, адваяваная ў несвабоды назаўсёды, Плошча, якая зрабілася сымбалем змаганьня, паэтычнай мэтафарай Волі. І хоць проста плошчу зноў акупавалі вартаўнікі парадку несвабоды, Плошчу‑сымбаль, Плошчу‑мэтафару не акупуеш. Яна засталася ў гісторыі як уводзіны ў нашу будучыню. Яна ня будзе Эдэмам (дзякуй Богу, мы не ўтапісты), а будзе нармальным жыцьцём нармальных свабодных людзей.

Дачытваў кніжачку пры сьвятле сэрцаў, бо

Безь ліхтароў на Плошчы — кожны
крышачку Данка.
Раніцы б дачакацца. Раніцы і вясны

І вяртаўся да тых, хто гукае Вясну і Свабоду на ўсёй прасторы кніжачкі, такой маленькай і такой вялікай, увабраўшай ў сябе ўсю Плошчу і ўсю маладую Беларусь. Да вершаў Андрэя Хадановіча, Цемрыка Велета, Сяргея Прылуцкага, Веры Бурлак, Алеся Аркуша, да вершаў усіх дваццаці шасьці валанцёраў новай беларускай паэзіі. Да вершаў, кожны зь якіх – пароль Свабоды.

***

Рэпартаж зь месца падзеяў: Вершы і песьні Плошчы. Укладальнік Жыцьцё; час укладаньня — сакавік 2006; палітычны карэктар Н.Е. Было. Падпісана ў друк уначы з 23.04.2006 на 24.04.2006. Наклад невядомы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?