Многім беларусам разгон антыпуцінскае дэманстрацыі ў Санкт‑Пецярбургу нагадаў менскія падзеі дзесяцігадовае даўніны. Але калі тагачаснае беларускае вулічнае змаганьне можна было ўпісаць у чорна‑белую схему барацьбы Дабра і Ліха, дык наконт Пецярбургу пэўнасьці няма. За інтэлігентным абліччам Гары Каспарава было зашмат прыхільнікаў рэваншысцкіх, камуністычных ці нават фашыстоўскіх арганізацыяў.

Усяеднасьць расейскіх дэмакратаў

Над шэсьцем апанэнтаў Пуціна, геройства якіх (асабліва Лімонава) маляўніча апетае расейскімі лібэральнымі журналістамі, луналі шматлікія бела‑жоўта‑чорныя сьцягі імпэрыі Раманавых ды стылізаваныя пад гітлераўскія нацыянал‑бальшавіцкія штандары. На гэтым тле асабліва цікавая гатовасьць апошніх непасаджаных расейскіх дэмакратаў да такой палітычнай усяеднасьці.

На беларускіх дэманстрацыях таксама побач ішлі прыхільнікі анархістаў і нацыяналістаў‑»краёўцаў», лібэралаў ды хадэкаў. Яны ішлі побач, бо іх яднала задача адстаяць незалежнасьць краіны.

А што яднае расейцаў — нацбола і лібэрала? Іх погляды на палітычны лад цалкам процілеглыя. Лімонаўцы мараць, што «наші МіГі сядут в Ріге», а «яблычнікі» хочуць партнэрства з ЗША… Толькі апошні адчай і банкруцтва прымусілі гэтых людзей аб’яднацца. Зрэшты, цяжка назваць палітычным уздымам зусім нешматлікі як на расейскія маштабы мітынг. Пецярбурскі мітынг зноў паказаў, што ў Расеі, зь яе спэцыфічнай палітычнай культурай, партыі як такія — хутчэй анамальная зьява.

Сёньня ўжо не застаецца сумневаў, што цяпер гаворка ідзе ня столькі пра захаваньне расейскай дэмакратыі, колькі пра супрацьстаяньне працэсу кансалідацыі яўнай дэспатыі. То бок, хай сабе будзе нават хаатычнае невядома што, як за Ельцыным, абы ня новы сталінізм. І супрацьстаяць таму могуць толькі рэгіянальныя эліты і нацыянальныя рухі.

Нацыяналізмам па дыктатуры

Разумеючы гэта, Пуцін пачаў перабудоўваць адміністрацыйную структуру. Скасаваў выбарнасьць мясцовых кіраўнікоў. Пачаў ліквідоўваць аўтаноміі, выхопліваючы з гурту слабейшых. Надоечы, 11 сакавіка, у выніку рэфэрэндуму сьмяротны прысуд атрымала Агінская Бурацкая аўтаномная акруга, якую маюць уключыць у Чыцінскую вобласьць, а дзяржаўнасьць бурацкай мовы ды іншыя сымбалі бурацкасьці — скасаваць. Пасьпяхова сваю дзяржаўнасьць адстойваюць пакуль толькі Адыгея (яе хацелі далучыць да Краснадару) ды Горны Алтай, які выступіў супраць зьліцьця з Алтайскім краем.

Любая асобная адміністрацыйная адзінка, пагатоў нацыянальная квазі‑дзяржава, аўтаномія, сама па сабе спрыяе незалежніцтву. Чым лепш разьвітая гэтая квазідзяржава, тым хутчэй яна можа трансфармавацца ў незалежную краіну, тым мацней зь яе насельніцтва паўстае, побач з этнічнай, палітычная нацыя — аснова магутнасьці палітычнай эліты.

За Ельцыным гэтыя працэсы з розным посьпехам у розных рэгіёнах, але ішлі. У выніку сёньня ўладзе Масквы пагражае, напрыклад, усё мацнейшы Татарстан, дзе нацыяналізм пашыраўся і артыкуляваўся менш ваяўнічым і шумным чынам, але ад таго ня менш пасьпяховым. Перад казанскімі татарамі стаіць фактычна толькі адная праблема — як пашырыць сваю дзейнасьць на ўсё Паволжа‑Ўрал, і перадусім, пераадолець адвечнае амаль расісцкае стаўленьне сваіх суродзічаў да башкіраў.

Сытуацыя на Каўказе характарызавалася цягам апошніх гадоў выразнымі тэндэнцыямі да пагаршэньня. Становішча ў Чачэніі, кіраванай крымінальна‑тэрарыстычнымі мэтадамі, ня можа лічыцца нармалёвым у цывілізаванай краіне. Фактычна, на частцы тэрыторыі краіны існуе зусім іншы палітычны рэжым, адсутнічае ўяўленьне ўжо пра ўсякае права — і савецкае, і шарыяцкае, і звычаёвае. У неабдымнай Расеі гэта нармалёвая практыка — абы самі мясцовыя кіраўнікі былі ляяльнымі.

Чачэнскі праект

Тым часам, пачалі самі сабой увасабляцца ў жыцьцё антыкаляніяльныя пляны чачэнскіх стратэгаў 1990‑х гадоў. Зрэшты, яны самі і былі ці не найвялікшай перашкодай у рэалізацыі гэтых плянаў, фактычна кампрамэтуючы іх

сваім удзелам і манерамі. Тут трэба адзначыць адну асаблівасьць міжнацыянальных стасункаў на Каўказе. Чачэнцы там традыцыйна знаходзіліся ў складаных адносінах зь іншымі этнасамі. Таму наезд Басаева на Дагестан у 1999 годзе выклікаў адмоўную рэакцыю.

Шаміль высунуў неймаверныя прэтэнзіі на лідэрства, а ўзор бязладнай Ічкерыі 1990‑х гадоў быў увасабленьнем антыўтопіі любых антыкаляніяльных барацьбітоў.

Затое пасьля аслабленьня чачэнскага руху ў выніку цяперашняй вайны, дагестанскія партызаны ісламісцкай расфарбоўкі самастойна пры дапамозе чачэнскіх дарадцаў цягам апошніх трох гадоў разгарнулі ў краі сапраўдную герыльлю, якая руйнуе і без таго кволую сыстэму расейскага кіраваньня ўсім Усходнім Каўказам.

Ісламізм як канструктыўная ідэалёгія

На Заходнім Каўказе ў мінулыя гады разгортваецца чаркескі (адыгскі) рух. Узяцьце Нальчыка чаркескімі партызанамі было хутчэй сымбалічнай падзеяй, але яно прадэманстравала патэнцыял руху, які здольны натхніць столькі маладзёнаў на самаахвяраваньне. Пра яго ўстойлівы характар сьведчаць рэгулярныя паведамленьні аб знаходках зброі і падпольнай літаратуры ў чаркескіх раёнах. Вядома, незалежнасьці і чаргесы‑адыгі, і чачэны, і дагестанцы могуць дамагчыся толькі разам. І гэта самае складанае пытаньне. Калі імам Шаміль некалі даў рады задзіночыць дагестанскія народы з чачэнамі, дык чаркесы‑адыгі прынцыпова працягвалі тады ваяваць з Расеяй асобна.

Пытаньне складанае і з‑за таго, што фактычна адзіна магчымай канструктыўнай ідэалёгіяй для каўкаскага (як і паволска‑ўральскага) антыкаляніяльнага праекту можа быць ісламізм, падазраваны Захадам ва ўсіх грахах.

Вядома, Масква спрабуе зваліць усе каўкаскія праблемы на ісламістаў, каб забясьпечыць сабе заходнюю падтрымку ў каўкаскай вайне. Але наколькі сапраўды палохае Захад ісламізм на Каўказе? Гэта — не рытарычнае пытаньне, калі ўлічыць, што ўвогуле ёсьць прэцэдэнты падтрымкі Захадам ісламізму ў выглядзе карзаеўскага рэжыму ў Аўганістане ці саудаўскай манархіі. І сапраўды, якая розьніца, на нацыянальных мітах ці рэлігійных будаваць тую «ўяўную супольнасьць», якая стане асновай мадэрнай палітычнай арганізацыі? Што ж да канструктыўнасьці ісламізму, дык калі адкінуць стэрэатыпы, гэта адпаведнік хрысьціянскай дэмакратыі ў ісламскім сьвеце.

Пужае, натуральна, вар’яцкая рыторыка некаторых яго саманазваных прыхільнікаў, аднак жа і Джордж Вашынгтан меў спэцыфічныя ўяўленьні пра дэмакратыю. Напрыклад, цярпець ня мог партыі ды ўвогуле быў зацятым хрысьціянскім фундамэнталістам — калі чытаць яго разьвітальныя звароты. І яшчэ, нават калі сумнявацца ў здольнасьці ісламістаў да перамогі падставы ё, дык наконт іх здольнасьці эфэктыўна парушаць працэс функцыянаваньня расейскай адміністрацыі сумнявацца аніяк не выпадае. Вынік той самы — паслабленая Расея.

Рэгіёны супраць Масквы

Перашкаджаць спробам усталяваньня маналітнага аўтарытарнага ці нават таталітарнага рэжыму будуць і неэтнічныя рэгіёны. Расея завялікая, і мясцовыя ўмовы ў розных яе кутках занадта розныя, каб законы і самое кіраваньне рэгіёнамі магло быць уніфікаваным бяз шкоды для эфэктыўнасьці. Дадайце сюды больш сьвядомыя сваіх інтарэсаў некаторыя рэгіянальныя эліты. А здатнасьць рэгіёнаў да самастойных інтрыгаў даводзіць хаця б згодніцтва кіраўніцтва расейскіх рэгіёнаў з Лукашэнкам, насуперак Маскве.

Да таго ж, расейскую дзяржаву точаць ня толькі нацыяналізмы нацускраінаў. Яе точыць і расейскі шавінізм. Этнічныя расейцы так і не навучыліся талераваць сваіх суграмадзянаў‑»іншародцаў», перадусім з Каўказу. Пагромы «іншародцаў» у карэльскай Кандапозе былі ня меншай пагрозай для імпэрыі, чым дзеяньні дагестанскіх маджагедаў. Прытым няважна нават, што многія расейскія рэваншысты зь піетэтам ставяцца да «магутнай Расейскай дзяржавы» і яе інстытутаў. Яны не чапаюць сьценаў дому, але выбіваюць камяні з падмурку, уганяючы клін паміж рознымі групамі насельніцтва — грамадзянамі, на якіх уласна і стаіць абагомленая расейскімі нацы дзяржава.

Вядома, паасобку нацменшасьці Расеі нешматлікія, але расізм прымушае іх зьяднацца лепш з‑за ідэалёгіі, бо б’юць не па нацыянальнай адзнацы, а па «нярускім» твары. І абліччаў гэтых становіцца ўсё больш, дзякуючы прытоку працоўных‑мігрантаў з колішняга СССР. У Заходняй Эўропе варожасьць супраць гастарбайтэраў некалі гасілася лібэральнымі прынцыпамі і нормамі тамтэйшых дзяржаваў і грамадзтваў. У Расеі рэжым становіцца ўсё менш лібэральным і калі не падбухторвае расізм (прыкладам, ісламафобскімі выказваньнямі Пуціна), дык, прынамсі, яму і не замінае. Анічога ня можа быць небясьпечнейшага за расізм у шматнацыянальнай краіне. «Дом падзелены стаяць ня можа», — казаў некалі Абрагам Лінкальн, змагаючыся з паўднёвымі рабаўладальніцкімі штатамі ЗША.

* * *

Свабода Расеі сёньня апынулася безабароннай. Цалкам свабодная Расея, прызнаем гэты факт, не патрэбная амаль нікому, хіба што па кавалках ці з агаворкамі. Новы расейскі рэжым, удала перадушыўшы зародкі дэмакратычных партыяў, тым самы падрыхтаваў сабе поле для бітвы, якая можа аказацца для яго сьмяротнай – з рэгіёнамі і «іншародцамі». Дэмакратыя магла б сяк‑так забясьпечыць увагу да іх інтарэсаў і абяззброіць экстрэмістаў, дыктатура ж будзе іх душыць, фактычна, падбухторваючы да бунту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?