У Мінску закрываюцца музычныя крамы сеткі «Містэрыя гуку». У яе склад уваходзілі адна брэсцкая крама, а таксама чатыры ў сталіцы — у падземным пераходзе каля ГУМа, у гандлёвым цэнтры «Рыга», каля ЦУМа і на Нямізе. Дзве апошнія ўжо не працуюць.

Пра закрыццё дзвюх «Містэрый» «Нашай Ніве» расказаў заснавальнік сеткі Сяргей Ясючэня:

«Аказалася так, што для горада нашых крамаў аказалася зашмат — цяпер іх трэба меней. Закрыліся тыя, якія прыносілі меншы прыбытак.
На Нямізе мы закрыліся, бо літаральна праз 500–600 метраў ёсць «Містэрыя» ля ГУМа. А ад плошчы Коласа недалёка да ГЦ «Рыга» — а там вялікая нашая крама — мы перанакіроўваем купцоў туды».

Сяргей Ясючэня кажа, што сусветныя працэсы «адмірання» кампакт-дыскаў і крызісу музычнага продажу дайшлі і да Беларусі: «Калі раней ад кампакт-дыскаў можна было атрымліваць звышпрыбыткі, то цяпер гаспадары крамаў мусяць думаць як максімальна выкарыстоўваць кожны метр, бо цяпер прыбытак не дазваляе здымаць вялікія і прыгожыя памяшканні. Тым не менш, астатнія дзве „Містэрыі“ застануцца, да таго ж яны сталі лепшымі і большымі — асартымент пашырыўся, і з’явіліся нават новыя тавары. Што тычыцца агульнай сітуацыі, то хутка Беларусь пяройдзе на „еўрапейскі“ фармат — маленькія кавярні, маленькія рэстарацыі і маленькія музычныя крамы».

Які лёс чакае гандлёвыя памяшканні ў цэнтры горада?

Каля ЦУМа ўжо заўтра, 26 мая, адбудзецца адкрыццё камп’ютарнай крамы «Сільверада» (Silverado).
Гэта сетка, прадстаўленая ў Гомелі, Бабруйску, Полацку, Наваполацку і Салігорску. «У дзень адкрыцця наведвальнікаў чакаюць дадатковыя зніжкі», — паведамляюць у кампаніі.

* * *

«Містэрыя гуку» — самая вядомая беларуская сетка музычных крамаў, заснаваная бізнэсоўцам Сяргеем Ясючэнем. Сярод яго актываў застаецца гуказапісвальная кампанія West Records.
Суўладальнік «Містэрыі гуку» Аляксандр Шлык загінуў у 2006 годзе падчас тэрарыстычнага акта ў Егіпце.

«Містэрыя гуку» — найважнейшая сетка па продажы музыкі для беларускіх меламанаў: менавіта ў яе крамах заўжды знаходзіліся і музычныя навінкі і перавыданні класікі. Апроч таго «Містэрыя гуку» — бадай што адзіная музычная сетка, у асартыменце якой у вялікай колькасці з’яўляюцца сучасныя вінілавыя кружэлкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?