У чацьвер 22 сакавіка кіраўнік офіса АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсан з трэцяй спробы ўсё ж такi здолеў наведаць палiтвязьня Артура Фiнькевiча ў Магілёўскай выпраўленчай установе № 43, дзе той адбывае пакараньне. Нагадаю, днём раней адмiнiстрацыя спецкамендатуры зачынiла дзьверы перад дыпламатам як раз у той момант, як Окэ Пэтэрсан падыходзiў па прыступках да ўваходу.

Але кіраўнік офіса АБСЭ не адмовiўся ад сваiх намераў, дый вырашыў на наступны дзень наведаць Артура на працы. У адказ, мiлiцэйскае начальства ранiцай ня выпусьцiла Фiнькевiча з будынку, матывуючы гэтае тым, што з вязьнем хоча сустрэцца следчы КДБ.

I cапраўды, а 14.00 гадзiне старшы оперупаўнаважаны КДБ Iгар Калесьнiкаў выклiкаў Фiнькевiча ў актавую залю выпраўленчай установы дый больш за гадзiну задаваў пытаньнi наконт яго дачыненьня да незарэгiстраванага «Маладога фронту».

У сваю чаргу, Оке Пэтэрсан пасьля афiцыйнай сустрэчы з кiраўнiцтвам Магiлёўскага аблвыканкаму ўсё роўна вырашыў наведаць Фiнькевiча яшчэ раз. I момант выбраў абсалютова зручны – каля 17.00 – час, калi ўсе асуджаныя вяртаюцца ў спецкамендатуру.

Сустрэў дыпламата начальнiк установы Аляксандар Ламаза, якi выйшаў у гэты дзень на працу, нават ня гледзячы на хваробу. Артура Фiнькевiча спачатку iзалявалi ў кабiнэце зампалiта маёра Кузькова, але пасьля тэлефоннага ўзгадненьня ўсё ж такi дапусьцiлi да спадара Петэрсэна.

Гутарка ў прысутнасьцi начальнiка доўжылася больш за гадзiну. Падчас яе кіраўнік офіса АБСЭ ў Менску цiкавiўся ўмовамi ўтрыманьня вязьня дый яго ўзаемадачыненьнямi з адмiнiстрацыяй. Артур Фiнькевiч, у сваю чаргу, заклiкаў не iсьцi на кампрамiс i не сядаць за стол перамоваў з беларускiмi ўладамi, пакуль не будуць выкананыя ўсе 12 пунктаў патрабаваньняў Эўропы.

Увогульле вiзiт Оке Пэтэрсана можна назваць азнаямляльным вiзiтам ветлiвасьцi, але дыпламат быў моцна ўражаны тымi перашкодамi, што чынiлi яму прадстаўнiкi сiлавых структураў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?