У «АРТ Сядзібе», што месціцца над старой прахадной завода «Гарызонт», аднавіліся штоаўторкавыя «Моўныя сустрэчы». Беларускія мовазнаўцы ды гісторыкі, аб’яднаныя ў Анамастычнай камісіі ТБМ, абмяркоўваюць з маладымі слухачамі праблемы беларускіх імёнаў, назваў і наагул беларускае мовы.

Тыдзень таму мовазнаўца, амбасадар Пётра Садоўскі разважаў на тэму «Імёны і назвы як складнік нацыянальнай ідэнтычнасці». Пытанні накшталт такога — «Як сумясціць каталіцкія, праваслаўныя й дахрысціянскія традыцыі ў іменаслове. Паліятывы ды кампрамісы» — выклікалі вялікую ўвагу аўдыторыі.

Сёння, 29 мая, гісторык Іван Сацукевіч (сябра Мінскай гарадской камісіі па найменні й перайменаванні вуліцаў) распавядзе пра «Імёны старых мінскіх прадмесцяў».
Нагадаем, што сп. Сацукевіч рэгулярна ладзіць для ахвочых папулярныя і небанальныя «афлайнавыя» экскурсіі па насычаных гістарычнай тапаніміяй мінскіх раёнах.
У наступны аўторак у «АРТ Сядзібе» выступіць мовазнаўца, старшыня Анамастычнай камісіі Вінцук Вячорка. Ягоная тэма — «Транслітарацыя і беларуская лацінка ў нашых пашпартах, на мапах і наагул у жыцці».
Неўзабаве тамсама адбудзецца і майстар-клас метадычных парадаў для тых, хто хоча бачыць сваё імя і прозвішча запісанымі ў афіцыйным дакуменце адпаведна беларускай традыцыі (у тым ліку беларускаю лацінкаю).
Сустрэчы пачынаюцца, а 18:30. Адрас «Арт Сядзібы»: Куйбышава, 22, будынак гандлёвага дома «Гарызонт», 2 паверх.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?