Падчас візіту ў Мінск Уладзімір Пуцін абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам пытанні аказання Беларусі фінансавай падтрымкі, прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў расійскімі інвестарамі, будаўніцтва АЭС, перспектывы стварэння холдынгу «Расбелаўта» на базе актываў МАЗа і КАМАЗа, а таксама ўзаемадзеянне ў ваенна-тэхнічнай сферы і арганізацыі калектыўнай бяспекі.

Паводле яго слоў, кіраўнікі Беларусі і Расіі маюць намер падпісаць выніковую сумесную заяву, якая пацвердзіць узаемны настрой на далейшае паглыбленне інтэграцыйных сувязяў і двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх кірунках.

«Пасля афіцыйнага ўваходжання на пасаду гэта першы выезд Пуціна за мяжу. Сімвалічна, што гэты візіт пройдзе напярэдадні 20-й гадавіны ўстанаўлення дыпадносінаў паміж нашымі краінамі, — цытуе Ушакова РІА Новости. — Гэты візіт падкрэслівае асаблівы характар шматпланавага расійска-беларускага саюзніцкага ўзаемадзеяння».

Ушакоў нагадаў, што «прэзідэнты ўжо мелі кароткі абмен меркаваннямі 15 мая, калі Лукашэнка прыязджаў у Маскву на нефармальны саміт СНД і для ўдзелу ў юбілейнай сесіі АДКБ». «Яны адзін з адным шмат размаўлялі, але цяпер гэта будзе першы шчыльны кантакт. У тым ліку шмат часу будзе для нефармальнай гутаркі сам-насам. Я думаю, што ўсе пытанні самыя адчувальныя падчас гэтай паездкі будуць закрануты», — сказаў памочнік прэзідэнта РФ.

Акрамя эканамічных пытанняў на перамовах будзе абмяркоўвацца тэма інтэграцыйных працэсаў у кантэксце працы Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі.
«Напэўна будзе дагаворана пра тое, каб правесці пасяджэнне Міждзяржсавета саюзнай дзяржавы, даўно не праводзілася», — адзначыў Ушакоў.

Пуцін таксама мае намер абмеркаваць з беларускім калегам пытанне аб стварэнні парламенцкага інстытута Еўразійскага эканамічнага саюза. Рабочая група Расіі, Казахстана і Беларусі, у якую ўвайшлі парламентарыі і эксперты, створана для фарміравання «дарожнай карты», якая, як чакаецца, будзе распрацавана ў пачатку наступнага года.

«Падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў мяркуецца таксама разгледзець тэматыку ўзаемадзеяння ў галіне арганізацыі калектыўнай бяспекі, развіцця ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама ў сферы знешняй палітыкі, дзе Масква і Мінск прытрымліваюцца адзіных поглядаў на працэсы, што адбываюцца ў сучасным свеце», — сказаў памочнік расійскага прэзідэнта.

Пры абмеркаванні супрацоўніцтва на міжнароднай арэне бакі нададуць увагу сітуацыі на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Сірыі. «Будзе нададзена ўвага праблематыцы гуманітарнага ўзаемадзеяння з улікам памятных дат агульнай гісторыі, што адзначаюцца сёлета: 300-годдзя перамогі ў вайне 1812 года і 1150-годдзя зараджэння расійскай дзяржаўнасці», — адзначыў Ушакоў.

Плануецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў, што тычацца сумеснай рэалізацыі буйных інвестпраектаў у розных галінах эканомікі.

«Размова, у прыватнасці, можа ісці пра ход падрыхтоўчых работ па збудаванні беларускай АЭС, перспектывы стварэння холдынгу „Расбелаўта“ на базе актываў КАМАЗа і МАЗа, і іншыя праекты будуць абмеркаваны»,
— сказаў памочнік прэзідэнта РФ. Калі беларускі бок унясе яшчэ нейкія праекты, то «яны, вядома, таксама будуць абмяркоўвацца», дадаў ён.

Ушакоў таксама паведаміў, што падчас сустрэчы будуць закрануты пытанні фінансавай падтрымкі Беларусі, аднак пра якую дапамогу ідзе размова, не канкрэтызаваў. «Пастаянна ідуць абмеркаванні розных крэдытаў. Я цяпер проста не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Мы аказалі вельмі істотную падтрымку летась. Я не выключаю, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Нейкія пытанні будуць ставіць. Мы будзем рэагаваць, абмяркоўваць», — заявіў памочнік прэзідэнта РФ.

Як паведамлялася раней, Уладзімір Пуцін наведае Беларусь з афіцыйным візітам 31 мая і 1 чэрвеня.

Яго прыбыццё чакаецца заўтра ў другой палове дня. Пачатак перамоў у рэзідэнцыі «Заслаўе» запланаваны на 18.00. Перамовы пройдуць у рэжыме «сам-насам» і ў пашыраным фармаце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?