З віцебскім актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргеем Каваленкам у магілёўскай калоніі № 19 сустрэўся яго адвакат.

Як паведаміла жонка апазіцыянера Алена Каваленка, пакуль Сяргей знаходзіцца на каранціне, прыкладна праз тыдзень яго павінны перавесці ў атрад. Паводле яе слоў, у мужа працягваюцца праблемы са здароўем. У прыватнасці адвакат паведаміў, што ў яго ацякаюць ногі. Медыкі ўзялі ў зняволенага аналізы.

Алена Каваленка паведаміла, што яна кансультавалася ў спецыялістаў, якія мяркуюць, што ацёкі могуць быць выкліканы захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Яна паведаміла таксама, што пакуль не перадавала мужу лекаў, бо іх спіс не ўзгоднены з кіраўніком медчасці калоніі.

Пакуль абмежаваны і перадачы мужу, бо ён не пераведзены ў атрад.

Паводле слоў жонкі апазіцыянера, у год Каваленку дазволены тры кароткатэрміновыя спатканні з блізкімі і чатыры перадачы па 30 кг кожная.
Аднак гэта пры ўмове, што ў дачыненні да яго не будзе дысцыплінарных спагнанняў у калоніі.

***

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі прыкладна два месяцы. У пачатку красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць.

10 красавіка Віцебскі абласны суд пры разглядзе касацыйнай скаргі Каваленкі прыняў рашэнне накіраваць яго на комплексную псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках (пад Мінскам).

13 красавіка, ужо ў Навінках, апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленку псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад у віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 мая ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту. 18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?