Маршрут уключае наведванне шэрагу аграэкасядзіб і музеяў Валожынскага раёна Мінскай вобласці, а таксама экалагічнай сцежкі ў Налібоцкай пушчы. Мяркуецца, што ў якасці сродку перамяшчэння турысты будуць выкарыстоўваць веласіпеды або байдаркі, што дазволіць мінімізаваць урон навакольнаму асяроддзю.

Адкрываецца маршрут наведваннем экамузея «Свет пчол» на базе аднайменнай сядзібы. У музеі сабрана ўсё неабходнае для развядзення гэтых насякомых начынне. Яго гаспадар Васіль Фралоў падрабязна расказвае пры жыццё пчол, дэманструе фрагменты з фільма. Ён таксама дае магчымасць кожнаму наведвальніку адчуць сябе жыхаром вулля, арганізуючы забаўляльныя гульні. Асабліва гэта актуальна для дзяцей, якім у музеі прапаноўваюцца спецыяльныя тэматычныя праграмы. У цёплы сезон штодзённа музей прымае да 300 чалавек, адзначыў яго гаспадар.

Наступным пунктам праграмы зялёнага маршруту з’яўляецца наведванне прыватнага музея-галерэі беларускага мастака і рэстаўратара Фелікса Янушкевіча ў Ракаве. У музеі знаходзіцца калекцыя карцін беларускіх жывапісцаў, а таксама старажытная мэбля і іншыя прадметы ўжытку, якія даюць уяўленне аб жыцці беларускага мястэчка да прыходу савецкай улады. Асаблівая гордасць гаспадара музея — самая вялікая калекцыя керамікі ў Еўропе, якая налічвае каля 1 тыс. 700 прадметаў.

Пасля Ракава гасцям зялёнага маршруту прапаноўваецца наведаць экамузей народных інструментаў, які знаходзіцца на хутары «Барок» на беразе рэчкі Яршоўка. У музеі можна паглядзець беларускія народныя інструменты, такія, як дуда, скрыпка, цымбалы, гармонік і іншыя, і паслухаць канцэрт старажытнай музыкі. Многія народныя інструменты гаспадар музея, прафесійны мастак і музыкант Алесь Лось, вырабляе сам. У музеі таксама можна ўбачыць спектакль народнага тэатра «Батлейка».

Працягваецца экскурсія наведваннем сядзібы «Марцінова гусь». У свой час у гэтых мясцінах жыў славуты беларускі драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сядзібе ёсць невялікі музей, прысвечаны памяці драматурга. У цэлым гаспадар сядзібы, вядомы гісторык і даследчык беларускіх кулінарных традыцый Алесь Белы пастараўся адрадзіць на яе базе сапраўдны шляхецкі фальварак. Наведвальнікам прапаноўваецца традыцыйная беларуская шляхецкая кухня і інтэрактыўная праграма «Карчэмныя авантуры», якая ўваскрашае культуру ліцвінскай карчмы 19 стагоддзя. У сядзібе таксама праводзяць старажытныя абрады, фестывалі і майстар-класы па традыцыйнай абрадавай кухні.

Завяршаецца маршрут наведваннем экалагічнай сцежкі ў Налібоцкай пушчы, якая раскінулася на плошчы каля 140 тыс. га. Асобныя рэліктавыя ўчасткі пушчы захаваліся яшчэ з часоў сярэднявечча і памятаюць князя Вітаўта. Працягласць экалагічнай сцежкі каля кіламетра. Наведвальнікі азнаёмяцца з асноўнымі біятопамі Налібоцкай пушчы, сярод якіх — балота і ўчастак некранутага лесу. Пушчу насяляюць зубры, алені, ласі, бабры, вялікі падорлік і іншыя жывёлы і птушкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?