Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) звярнулася з адкрытым лістом у Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець магчымасць устанаўлення святочных дат з нагоды яднання народаў Беларусі з народамі ўсіх сумежных краін — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Просьба падтрымаць ініцыятыву накіравана таксама ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі ў Беларусі.

«Беларуская партыя „Зялёныя“ выказвае занепакоенасць аднавектарным развіццём міжкультурных узаемаадносін Беларусі з краінамі-суседзямі, — гаворыцца ў лісце. — Мы вітаем ініцыятыву святкавання Дня яднання народаў Расіі і Беларусі, які вось ужо сем гадоў запар адзначаецца на тэрыторыі дзвюх краін. Аднак мы занепакоеныя адсутнасцю адпаведных святочных урачыстасцей з нагоды яднання народаў Беларусі і Украіны, Беларусі і Польшчы, Беларусі і Літвы, Беларусі і Латвіі».

Як лічаць прадстаўнікі беларускай партыі «Зялёныя» «сучасны стан міжкультурных узаемаадносін беларусаў і брацкіх народаў з пяці краін-суседзяў не можа не насцярожваць». «Бо на сёння большасць міжнародных мерапрыемстваў, якія тычацца міжкультурнай камунікацыі афіцыйнага Мінска з краінамі-суседзямі, маюць пэўную накіраванасць, якая закранае ў большасці сваёй толькі народы РФ», — адзначаецца ў звароце.

«Зялёныя» нагадваюць аб «багатай гісторыі» Беларусі, у якой «шмат сведчанняў аб духоўным, культурным і нават палітычным адзінстве» беларусаў з народамі краін-суседзяў. «Мы для прыкладу прыводзім некалькі дат, якія прэтэндуюць на ўключэнне ў спіс нацыянальных святаў Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, гэта 28 чэрвеня 1569 года — дзень падпісання Люблінскай уніі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, што паклала пачатак такой дзяржаве, як Рэч Паспалітая, якая з’яўляецца яркім прыкладам гістарычнага яднання беларусаў і палякаў. А таксама дата каранацыі Міндоўга ў Навагрудку (29 чэрвеня 1253 года), гадавіну якой літоўцы адзначаюць штогод 6 ліпеня, ушаноўваючы тым самым дату заснавання ВКЛ, якое з’яўляецца прамым доказам гістарычнага яднання беларусаў і літоўцаў», — адзначаецца ў лісце.

«Яркіх гістарычных прыкладаў плённага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі не падлічыць, засталося толькі надаць ім належнае значэнне ў XXI стагоддзі», — рэзюмуе БПЗ.

«Мы выказваем надзею, што нашы прапановы будуць пачутыя, і ўстанаўленне новых афіцыйных святочных дат не прымусіць сябе доўга чакаць. Таксама мы выказваем надзею на тое, што працэс прызначэння новых дзяржаўных святаў будзе праходзіць у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі пры актыўным удзеле шырокіх слаёў насельніцтва Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў НДА, дыпламатычных місій з Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Мы ўпэўненыя, што гэты крок аптымізуе шматвектарнае супрацоўніцтва ў галіне міжкультурных сувязей і надасць новы імпульс міжкультурнаму дыялогу краін-суседзяў», — гаворыцца ў лісце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?