«Беларусь ніколі не была футбольнай краінай, таму, калі мы хочам чагосьці дабіцца, трэба футбол развіваць»,
— заявіў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Георгій Кандрацьеў 4 чэрвеня ў Мінску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай таварыскаму матчу з Літвой (7 чэрвеня).

«Учора я глядзеў матч Бразілія — Мексіка. Калі пачуў, колькі каштуе стадыён, на якім ён праходзіў (у Арлінгтане, штат Тэхас, ЗША), у мяне крыху пацямнела ў вачах, — 1,3 млрд. долараў», — сказаў Кандрацьеў.

Паводле слоў трэнера, яму не падабаецца, як гуляюць у беларускім чэмпіянаце:

«Крокам, потым трушком, ды ўсё назад. Нават БАТЭ зараз гуляе „па ліку“, што ўжо казаць пра астатніх».
Футбаліст, падкрэсліў Кандрацьеў, павінен у першую чаргу думаць, як зрабіць пас наперад або па дыяганалі, а ў апошнюю — назад. Думка павінна быць «у кожным руху». «Сучасны футбол — гэта „вертыкальны“ футбол. Трэба мяняць філасофію гульцоў. Пакуль цяжка, але я з гэтага шляху не павярну. Футбол па-кандрацьеўску — гэта правільны футбол, але трэба навучыцца хутка думаць і хутка дзейнічаць», — заявіў настаўнік.

У якасці трэнера алімпійскай зборнай Кандрацьеў заклікаў СМІ аб’ектыўна ацэньваць гульню каманды, у прыватнасці, на нядаўнім турніры ў Тулоне (Францыя), дзе яна не прайшла ў паўфінал.

«У нас няма футбалістаў з „Барселоны“ ці „Мілана“. Хлопцы як могуць, так і гуляюць. Навошта іх хвастаць?» — сказаў трэнер.
Ён растлумачыў, што футбалісты прыехалі ў зборную ў дрэнным стане, але да Алімпіяды яшчэ ёсць час прыбавіць. Паводле інфармацыі Кандрацьева, зборная вылятае ў Вялікабрытанію 11 ліпеня, дзе ў межах заключнага этапу падрыхтоўкі сустрэнецца з двума мясцовымі клубамі, а таксама з алімпійскай камандай Японіі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?