Жыхары Ашмянаў і Маладзечна пацярпелі ў дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося раніцай 2 чэрвеня ў Іўеўскім раёне. Двое сяброў на аўтамабілі «Рэно» вярталіся з Гродна з фестывалю нацыянальных культур, паведамляе прэс-служба дзяржаўтаінспекцыі Гродзенскай вобласці.

Пасля адпачынку ў Гродне сябрам адмовілі ў начлегу ў інтэрнаце. Начаваць у машыне не хацелася, і ашмянцы вырашылі ехаць дамоў.

Мікрааўтобус «Мэрсэдэс» ехаў з Маладзечна ў Гродна. Вадзіцель, яго бацькі і жонка везлі на фестываль дэкаратыўныя вырабы. Шляхі дзвюх машын перакрыжаваліся ў Іўеўскім раёне на 143 кіламетры аўтадарогі Мінск — Гродна.

Кіроўца «Мэрсэдэса» ўбачыў «Рэно», якое ехала насустрач, за 100 метраў. Легкавушка віляла справа налева. За 50 метраў «Рэно» раптам выехала насустрач мікрааўтобусу і яго развярнула ўпоперак дарогі.

Кіроўца «Мэрсэдэса» пачаў тармазіць, але не здолеў пазбегнуць сутыкнення. Паводле паведамлення Гродзенскай абласной дзяржаўтаінспекцыі, ад удару легкавушку выкінула на супрацьлеглую абочыну, развярнула ў супрацьлеглы бок і разарвала да такой ступені, што быццам бы яе разрэзалі на часткі.

Мікрааўтобус перасек сустрэчную паласу, скаціўся ў глыбокі кювет і ўткнуўся ў зямлю. Каб яго выцягнуць, прыйшлося выклікаць трактар.

Розныя траўмы атрымалі ўсе, хто знаходзіўся ў машынах. Найбольш цяжкія — у вадзіцеляў і трох пасажыраў мікрааўтобуса.

Вядома, што пасажыр «Рэно» адразу заснуў, як толькі машына выехала з Гродна. Можна меркаваць, што неўзабаве заснуў за рулём і кіроўца легкавушкі. Гэта і стала прычынай аварыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?